Генпракуратура Беларусі знайшла па ўсім свеце 400 жывых эсэсаўцаў з Латвіі



Генпракуратура Беларусі знайшла дадзеныя пра 400 жывых эсэсаўцаў з Латвіі, якія знаходзяцца ў розных краінах свету. Пра гэта БЕЛТА паведаміў генпракурор Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, у Рыгу накіроўваецца даручэнне аб аказанні прававой дапамогі ў дачыненні 22 чалавек.

Генпракуратура мае звесткі пра іх магчымае дачыненне да зверстваў на тэрыторыі Беларусі над мірным насельніцтвам у часы нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў. Адпраўляюцца запыты і ў іншыя краіны (у Аўстралію, Вялікабрытанію, Канаду). ” Ведаем іх адрасы і прозвішчы”, — заявіў Швед. Ён нагадаў што расследуецца справа аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Раней Генпракуратура дасылала ў Літву запыт з просьбай аб прававой дапамозе — хоча дапытаць літоўскага экс-прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Правяраюцца дадзеныя пра магчымае яго дачыненне да падобных карных акцый у складзе літоўскіх паліцэйскіх батальёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by