Святлана Ціханоўская: У беларусаў няма права адступіць
Беларуская дэмакратычная лідарка заклікала ствараць новыя і ўзмацняць дзейныя інструменты збору інфармацыі пра злачынствы і катаванні ў Беларусі.
“У нас, беларусаў, няма права адступіць, таму што практычна ў кожнага ёсць сябар, сваяк або калега, які прайшоў праз катаванні — ці зведвае іх і цяпер”, — заявіла Святлана Ціханоўская 24 чэрвеня падчас анлайн-форуму „Новая Беларусь супраць катаванняў”, арганізаванага беларускай дыяспарай за мяжой.
„Мы заклікаем кіраўніцтва краін да максімальнага націску на рэжым і ўзмацнення дапамогі людзям, якія ад яго пацярпелі, — адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты. — Мы заклікаем ствараць і ўзмацняць інструменты збору і сістэматызацыі інфармацыі аб злачынствах і катаваннях. Мы заклікаем рабіць усё магчымае, каб у цэнтры Еўропы не аказалася другой Паўночнай Карэі ці турмы на 9 мільёнаў чалавек”.
На яе думку, дзейнічаць трэба больш рашуча і больш хутка, бо „пяць хвілін выступу непараўнальныя з пяццю хвілінамі карцара для Сяргея Ціханоўскага, усяго адзін дзень, на які могуць адкласціся санкцыі, — непараўнальны з адным днём у „прэс-хаце” для Сцяпана Латыпава, адзін тыдзень гарачага надвор’я летам непараўнальны з пеклам, у якое ператвараецца чатырохмясцовая камера, дзе сядзяць 16 чалавек”.
Палітык лічыць, што перад сусветнай супольнасцю стаіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці вінаватых. „Калі гэта не адбудзецца, то сітуацыя можа паўтарыцца ў любой іншай краіне Еўропы. Мы павінны сабраць і структураваць усе доказы катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, усе вінаватыя павінны панесці пакаранне”, — упэўнены ён.
Беларускае Радыё Рацыя