Агляд прэсы: выклік разумення
Санкцыі ЕЗ нарэшце б’юць па Лукашэнку, а таксама па Пуціну. Як памілаванне «сепаратыстаў» раскалола Гішпанію. Праблема патрыярхальнага характару грамадства Грэцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Першай рэакцыяй на вымушаную пасадку грамадзянскага самалёта рэйса Грэцыя – Літва, калі ў аэрапорце Менска затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча, была хуткай і жорсткай. Найбольш адчувальна адбілася фактычная ізаляцыя Беларусі ад паветранай прасторы членаў Еўразвязу. Аднак новаўведзены пакет санкцый супраць Беларусі прыемна здзівіў. Польшча і Літва абвясцілі, што справяцца з магчымай стратай паставак паташу, галоўнага кампаненту для вытворчасці ўгнаенняў, калі іншыя краіны іх падтрымаюць. Нават Венгрыя, якая наогул стрымана ў пытанні санкцый, не выказала пярэчанняў», – з захапленнем піша чэшская газета Hospodářské noviny.
Выданне падкрэслівае, што ўсё, што тычыцца Беларусі, прама ці ўскосна тычыцца і гаспадара Крамля Уладзіміра Пуціна, без дапамогі якога «яго паплечнік у Менску, які змагаецца за палітычнае, калі не фізічнае выжыванне, не пратрымаўся бы ў прэзідэнцкім палацы ані дня».
«Новыя санкцыі азначаюць новыя праблемы, а новыя праблемы азначаюць чарговыя фінансавыя ўліванні ад Расеі. Калі Пуцін адмовіў бы ў іх, то паставіў бы пад пагрозу рэжым Лукашэнкі. Калі ён дасць іх Лукашэнку, то беларусы ўбачаць свайго прэзідэнта ў ролі слугі прэзідэнта іншай краіны, а не занадта квітнеючым расейцам застанецца гараваць пра тое, каго ім прыходзіцца карміць», – рэзумюць Hospodářské noviny.
Нягледзячы на значны супраціў з боку грамадства, гішпанскі ўрад ажыццявіў свой намер і памілаваў дзевяць правадыроў каталонскіх сепаратыстаў, якія адбывалі пакаранне ў турме на працягу трох гадоў. Аднак займаць палітычныя пасады ім будзе надалей забаронена. Меркаванні гішпанскай прэсы падзяліліся, а СМІ іншых краін станоўча адклікаюцца пра крок, прадпрыняты гішпанскімі ўладамі.
Прынамсі італьянская газета Público вітае ініцыятыву гішпанскага прэм’ера як вельмі канструктыўную.
«Санчас абараняе памілаванне, а не амністыю. Мяркуючы, што Гішпанія павінна паспрабаваць пераадолець наступствы свайго нядаўняга мінулага, аднавіўшы прастору суіснавання паміж каталонскім грамадствам і астатняй часткай краіны. Але не ў знак «забыцця», а ў знак «павагі і сімпатыі». Замест таго каб настойваць на падаўленні каталонскага руху за незалежнасць, якое толькі падштурхне сепаратысцкі экстрэмізм, Санчас здзяйсняе жэст згоды і аднаўляе дыялог. Замест прымусу і задзейнічання механізмаў легітымнага дзяржаўнага гвалту, ён прапануе талерантнасць і адкрытасць, якія спрыяюць ўдзелу ў справе дэмакратыі»,– піша італьянскае выданне.
Увага грамадскасці Грэцыі прыкавана да працэсу аб забойстве брытанкі Кэралайн Краўч, якая загінула ад рукі ўласнага мужа – грамадзяніна Грэцыі. На мінулым тыдні той прызнаўся ў зробленым і даў паказанні ў судзе ў Афінах. Раней ён на працягу тыдняў уводзіў следства ў зман, сцвярджаючы, што жанчына загінула ад рук злачынцаў-замежнікаў, якія ўварваліся ў кватэру. Прэса не хавае свайго абурэння з нагоды таго, якое стаўленне склалася ў краіне да праблемы феміцыду.
На думку грэцкай газеты Avgi, грамадству краіны неабходныя карэнныя рэформы.
«Гэта жудаснае забойства стала яшчэ адным, на гэты раз смяротным, эпізодам у доўгім спісе выпадкаў бытавога гвалту ў Грэцыі. Яно можа прымаць розныя формы, няхай гэта будзе гвалт прамы або ўскосны, словам або фізічна. І яно нікуды не знікне, хаця мы і гатовыя цешыць сябе думкай, што грэцкае грамадства мадэрнізаванае. Насвмрэч, гендарныя ўяўленні, якiя пануюць у краіне, і патрыярхат, які і з’яўляюцца прычынай гвалту, занадта глыбока ўвабраліся ў цела нашай сацыяльнай сістэмы. І сістэму гэтую неабходна мяняць. Праблему гвалту ў сям’і не вырашыць аднымі пакараннямі», – папярэджвае грэцкае выданне.
Стадыён у Мюнхене, на якім у межах Чэмпіянату Еўропы па футболе гулялі зборныя Германіі і Венгрыі, не была асветленая колерамі вясёлкі, як таго хацелі гарадскі савет і бургамістр баварскай сталіцы, якiя накiравалi адпаведную прапанову прэзідэнту УЕФА. Футбольная асацыяцыя адхіліла гэтую ідэю, пры дапамозе якой гарадскія ўлады Мюнхена хацелі паслаць «усім відарыс нашага агульнага разумення каштоўнасцяў». Як адзначае шэраг аглядальнікаў, не варта спяшацца з асуджэннем пазіцыі УЕФА.
«УЕФА сама заварыла ўсю гэтую кашу»,– мяркуе швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.
«Ніводная трансляцыя матчаў клубных чэмпіянатаў УЕФА не абыходзіцца без мантры аб узаемнай павазе і непрыманні расізму. Аднак да гэтага часу адсутнічае адзіная лінія ў плане таго, як быць са спробамі выкарыстоўваць стадыёны ў якасці плацдарму для палітычных выказванняў. Перад футбольнымі асацыяцыямі стаіць няпростая дылема. Яны самі без усялякай на тое патрэбы спрыялі пранікненню ў спорт маралізму. Каб раскрытыкаваць венгерскі ўрад за яго гамафобію, вялікай працы не трэба. Дастаткова націснуць на кнопку, і вось ужо стадыён заззяў усімі колерамі вясёлкі. Але так можна кожны стадыён ператварыць у поле ідэалагічнага паядынку, усё роўна, з якога боку», – прыходзіць да высновы швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка