Чарговая акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Беластоку (абноўлена)



Беларуская дыяспара адзначыла гадавіну пратэстаў беларусаў у Беластоку.

Галоўную ідэю акцыі агучыў сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, леташні кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі:

– У беларусаў дарогі назад няма, нам трэба рухацца толькі наперад. Наша галоўная мэта – вызваліць усіх палітзняволеных, прызначыць новыя сумленныя выбары і неадкладная адстаўка Лукашэнкі.

РР: Уведзены новы пакет санкцый. Як вы лічыце, ці паўплываў ён на сітуацыю ў Беларусі?

Сяргей Дылеўскі: Зараз вельмі шмат змянілася, як мы бачым па навінах, многія гаманцы рэжыму робяць усё, каб не застацца пад гэтымі санкцыямі. Імкнуцца адхрысціцца ад беларускага бізнесу. Санкцыі, якія “не працуюць”, аказваецца, працуюць.

РР: Вашае стаўленне да пераводу Пратасевіча пад “хатні арышт”.

Сяргей Дылеўскі: Гэта спроба гандлю рэжыму з беларускім народам. Трэба разумець, што „хатні арышт” – гэта тая ж турма. „Хатні арышт” у Беларусі шмат чым адрозніваецца ад „хатняга арышту” ў цывілізаваным свеце. Калі там – гэта бранзалет на назе і ты сядзіш дома, то ў Беларусі гэта не так. Гэта той жа рэжым, праверкі, адказ ад сродкаў камунікацыі. Такі ж рэжым як турэмны, толькі дома.

Падчас акцыі ўдзельнікі прайшлі ўрачыстым маршам па вуліцах гораду. Завяршальны мітынг маршу прайшоў ля будынку Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Перад будынкам Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку ўдзельнікі акцыі ўсталявалі сімвалічны стол перамоваў і зэдлікі з  надпісамі «Прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі». Прадстаўнікі консульства да пратэстоўцаў так і не выйшлі.

* * * 

У Беластоку мінае роўна год з часу першай масавай акцыі беларускай дыяспары. З гэтай нагоды сёння, 25 чэрвеня, з 18 да 20 гадзіны праходзіў марш ад цэнтра горада – да консульства Беларусі.

Акцыя была ўзгоднена з уладамі Беластока.

Беларускае Радыё Рацыя