Беларускія баксёры выйгралі срэбра і бронзу на моладзевым ЧЕ ў Італіі



Беларускія баксёры выйгралі дзве ўзнагароды на моладзевым чэмпіянаце Еўропы (U-22), які завяршыўся ў Італіі. У вагавой катэгорыі 49 кг сярэбраны медаль выйграў Яўген Кармільчык, які выйшаў у фінал пасля перамогі над украінцам Андрэем Якумовічам (4:1).

У вырашальнай сустрэчы беларус прайграў раздзельным рашэннем суддзяў расейцу Амінтазе Бекішаву – 1:4. Яшчэ адзін медаль на рахунку Аляксея Алфёрава (81 кг). У стартавым баі ён перамог Конэры Тадсбэры з Англіі (3:2), затым Градуса Краўса з Нідэрландаў (5:0), а ў паўфінале прайграў Руслану Калеснікаву з Расеі. Згодна з рэгламентам спаборніцтваў, беларус стаў уладальнікам бронзавага медаля.

Арына Сабаленка прайграла Каміле Георгі ў 1/4 фіналу турніру ў Істбарне

Беларуска Арына Сабаленка прайграла італьянцы Каміле Георгі ў 1/4 фіналу турніру ВТА-500 у Істбарне – 6:7 (5), 6:0, 4:6. У паўфінале Георгі згуляе з 27 ракеткай свету, эстонкай Анетт Кантавейт.

Румынская тэнісістка Сымона Халеп абвясціла пра тое, што не будзе прымаць удзел ва Уімблдоне. Паводле яе слоў, яна пакуль не аднавілася ад траўмы. 29-гадовая тэнісістка выйграла Уімблдон у 2019 годзе. Турнір пройдзе з 28 чэрвеня па 11 ліпеня.

Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на восем матчаў і аштрафаваны за паводзіны ў матчы з „Крумкачамі”

Галоўны трэнер „Нёмана” Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на восем матчаў і аштрафаваны на 100 базавых велічынь (2900 рублёў) за інцыдэнт па выніках матчу 1/16 фіналу Кубка Беларусі з „Крумкачамі». Такое рашэнне прыняў Камітэт кантрольна-дысцыплінарны і па этычных пытаннях БФФ. У пратаколе сустрэчы сказана, што Кавалевіч атрымаў выдаленне на 96-й хвіліне матчу за „неадэкватныя паводзіны і нецэнзурную лаянку на адрас афіцыйных асобаў”.

Канадскія клубы не гулялі ў фінале Кубка Стэнлі з 2011 года

У Манрэалі адбыўся шосты матч паўфінальнай серыі Кубка Стэнлі паміж „Манрэалем” і „Вегасам”, які завяршыўся перамогай гаспадароў у овертайме з лікам 3:2 і дазволіў ім выйграць серыю – 4:2. Такім чынам, „Манрэаль” выйшаў у фінал Кубка Стэнлі ўпершыню з 1993 года. Апошні раз канадскія каманды гулялі ў фінале Кубка Стэнлі ў 2011 годзе. З тых часоў мінула 3684 дні. Тады, у вырашальнай серыі „Ванкувер” сустрэўся з „Бостанам” і саступіў з лікам 3:4. Апошняя перамога канадскіх каманд у НХЛ датавана 1993 годам, калі „Манрэаль” у фінале быў мацней за „Лос-Анджэлес” з лікам 4:1 у серыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ctv.by