Бура на Віцебшчыне нарабіла шмат праблемаў
Дзясяткі дрэваў паваленыя або пашкоджаныя ў лясах, на прысядзібных участках і каля дамоў жыхароў Бешанковіцкага, Ушацкага і Шумілінскага раёнаў у выніку буры. Навальніцы з парывамі ветру да 25 м/с прайшліся паласой па некалькіх вёсках, у тым ліку і па мястэчку Ула увечары 25 чэрвеня. Моцны вецер зрываў з дамоў часткі даху або цалкам, парнікі, падымаў у паветра свойскіх птушак і спраўляўся нават з такімі дрэвамі, як дубы.
Як кажуць жыхары Улы і прылеглых вёсак, такога жудаснага надвор’я яны не памятаюць за ўсё сваё жыццё.
– Такая бура, такое страхоцце, такая цемрадзь. Я ў доме двухпавярховым жыву ўнізе, здаецца, што там усё бурыцца. Вельмі моцны вецер і такая цемра, што нічога не бачна. Жах! Мне здаецца, што гэта нешта такое як смерч. І бярозы, і елкі – усё вырвала. Электрычнасці не будзе невядома колькі.
– Суседка тэлеффануе і пытаецца: хата не цячэ, у вас дрэва ляжыць на даху. Я выйшла паглядзець, а ў мяне дуб перакрыў усю дарогу. Як аказалася, ён на бэз лёг. Стала цёмна, як у 10 гадзін вечара. Вецер быў настолькі моцны, што ўся бульба лягла гарызантальна, усё пазаваліла.
– Такой буры людзі не памятаюць тут за ўсю гісторыю. Паклала шмат лесу, дрэваў. Дахі людзям паздымала. Цяпліцы, парнікі – усё лятала ў паветры. Жахліва было. Людзі казалі, што ўвесь час маліліся ў хатах, пакуль была гэтая бура. І дах на касцёле пашкодзіла.
Як паведамілі жыхары Улы і бліжэйшых вёсак, жудасная падзея адбывалася прыкладна 10-15 хвілін, але нарабіла шмат праблемаў людзям. Яны ўсе выходныя займаюцца тым, што ліквідуюць гэтыя наступствы на сваіх панадворках, а дзяржаўныя службы ў лясах і на могілках.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя