З-за непагадзі 50 населеных пунктаў Беларусі застаюцца без электрычнасці



З-за непагадзі 26 чэрвеня без электразабеспячэння застаюцца 50 населеных пунктаў у Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай і Менскай абласцях. 

«Па дадзеных ДВА „Белэнерга”, на працягу сутак на тэрыторыі рэспублікі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 461 населенага пункта. Адключэнні аператыўна выпраўляюцца аварыйнымі брыгадамі», — сказалі ў МНС.

З прычыны праходжання навальнічнага фронту з моцным ветрам зафіксаваныя 23 выпадкі падзення дрэў у Менскай і шэсць выпадкаў у Гомельскай абласцях. «У вёсцы Паўлаўшчына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці з-за дрэва, якое ўпала, загінула жанчына 1971 года нараджэння», — адзначылі ў ведамстве.

Работнікамі МНС і іншых арганізацый праводзілі работы па распілоўцы дрэў, якія зваліліся. У двух раёнах Гомельскай і двух раёнах Менскай абласцей зафіксаваныя выпадкі пашкоджання дахаў 18 жылых дамоў, аднаго вытворчага будынка, двух аб’ектаў сацкультбыту і 16 сельскагаспадарчых будынкаў. На месцах вядуцца аднаўленчыя работы.

Размыццё ўчастка дарогі шырынёй 5 метраў і даўжынёй 20 метраў у месцы скрыжавання з ракой Менка адбылося ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёна. «У сталіцы ў перыяд з 18.10 да 22.20 парушаўся рух грамадскага транспарту: 32 тралейбусных, 37 аўтобусных і пяці трамвайных маршрутаў. Работнікамі МНС аказвалася дапамога ў буксіроўцы 20 легкавых аўтамабіляў, пяці маршрутных аўтобусаў, эвакуіраваны з легкавога і пасажырскага транспарту 91 чалавек, 19 з якіх дзеці », – удакладнілі ў МНС.

zviazda.by