“Саветы” расстралялі, а нацысты забіралі чарапы на сувеніры



31 год таму ў вёсцы Мікалаёва Шумілінскага раёна быў усталяваны першы мемарыяльны крыж у памяць пра расстраляных 26-га чэрвеня 1941-га году  вязняў глыбоцкай турмы.  Згодна з архіўнымі дакументамі, у пачатку вайны было прынятае рашэнне эвакуяваць усіх вязняў з заходніх рэгіёнаў углыб СССР. У калоне, якая выйшла з Глыбокага 24 чэрвеня 1941 году, большасць складалі нават не асуджаныя, а толькі тыя, хто знаходзіўся пад следствам – жыхары Глыбоччыны, Мёршчыны, Браслаўшчыны, Пастаўшчыны, палонныя жаўнеры Войска Польскага, святары, моладзь, якая ўдзельнічала ў розных арганізацыях – палітычных, грамадскіх, рэлігійных. Двое сутак людзей гналі па спёцы без ежы і пітва. Каля Вулы калона трапіла пад фашыстоўскі авіяналёт, а потым была расстраляная турэмным канвоем.

Гісторыкі савецкага часу прымоўчвалі гэтую падзею, але людзі памяталі пра трагедыю. У 1990-м годзе ўдзельнікі віцебскага клубу гісторыі і даўніны “Узгор’е” выправіліся  ў Мікалаёва і запісалі аповеды вяскоўцаў.

У тым ліку Ірына Аляксандрава, якая занатавала ўспаміны Антона Васёхі:

– Ішоў строй, людзей гналі ў напрамку Віцебска. Наляцелі два нямецкіх самалёта, сталі бамбіць. Канвой даў каманду “Лажысь!” Усе ляглі. Канвой стаў расстрэльваць людзей. Калі пастралялі, мясцовых мужыкоў прымусілі капаць магілы і звозіць людзей.

Ад вяскоўцаў давялося пачуць і працяг гэтай страшнай гісторыі: у 1943-м годзе нямецкія акупацыйныя ўлады змусілі мясцовых жыхароў раскапаць магілы і даставаць чалавечыя парэшткі. Чарапы ахвяраў нацысты забіралі сабе на сувеніры, абезгалоўленыя целы загадалі закапаць ізноў…

У чэрвені 1990-га году ўдзельнікі клуба “Узгор’е” усталявалі на месцы пахаванняў драўляны крыж. Яшчэ праз некалькі гадоў, дзякуючы падтрымцы польскіх грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў, тут быў узведзены сапраўдны мемарыял – сімвалічная камера з чорнымі кратамі, брукаванка і доўгая бетонная пліта ўздоўж яе, якая сімвалізуе апошні шлях бязвінна расстраляных.

 

 Архіўныя фота прадастаўлены Ірынай Аляксандравай

Цалкам гутарку слухайце тут:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск