Крым: ганебная гадавіна



З панядзелку 16-га да серады 18-га расейцы збіраюцца святкаваць гадавіну падзеі, якая зводзіцца да фразы “Крым-наш”. Год таму Расея парушыла свае ўласныя абавязацельствы, міжнародны пасляваенны лад ды права, выдаючы свой крок за выяву гістарычнай справядлівасці і даючы расейцам велікадзяржаўную насалоду. Дакдадней кажучы, урачыстасці пачаліся ўжо ў мінулую суботу ў Сімферопалі спектаклем: “Прызначаем гэта табе, Расея”. Галоўныя мерапрыемсты запланаваныя на сераду 18 сакавіка, калі Крым і Севастопаль былі афіцыйна прынятыя ў склад Расеі. У Крыме і многіх расейскіх гарадах запланаваныя парады, канцэрты а ў школах дадатковыя ўрокі, прысвечаныя спрадвечна расейскаму Крыму. Праўдападобна, у часе ўрачысага канцэрту ля сцен Крамля пад назвай “Мы разам: узяднанне Крыму з Расеяй” з адмысловай прамовай выступіць прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Далучэнне Крыму разам з Севастопалям да Расеі адбылося на трэці дзень пасля праведзенага пад дуламі расейскіх аўтаматаў рэферэндуму аб поўнай незалежнасці ад Украіны. Тое, што рэферэндум байкатавалі татары ды іншыя нерасейцы, і ўвогуле невядома выбарчая яўка, не мела значэння. Афіцыйна, амаль 96% удзельнікаў рэферэндуму прагаласавалі за поўную незалежнасць з перспектывай далучэння да Расейскай Федэрацыі. У нядзелю расейскае тэлебачанне паказала прапагандысцкі фільм, прысвечаны Крыму. Пуцін прызнаўся, што ён асабіста гарантаваў бяспеку былому прэзідэнту Януковічу і гэта ён загадаў правесці спецаперацыю па адарванні Крыму ад Украіны. Раней Пуцін на ўвесь свет хлусіў, што Расея не мае ніякага дачынення да падзеяў у Крыме, а мундзіры без апазнавальных знакаў можна набыць у любой краме з мілітарыямі. Цягам году ў стылі свайго прэзідэнта хлусяць расейскія медыі адносна падзеяў у Данбасе. Увесь свет не верыць у гэтую прапаганду, супраць Расеі ўведзеныя заходнія санкцыі, але Пуцін і расейцы ведаюць сваё: дзяржаўны пераварот, Майдан арганізавалі ЗША з дапамогай сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, а ў Кіеве, незважаючы на абсалютна дэмакратычныя выбары і маленькую прысутнасць правых сілаў у парламенце і ўрадзе, усталяваўся фашысцка-бандэраўскі рэжым.

Насуперак афіцыйнай прапагандзе, год пасля далучэння да Расеі, Крым апускаецца на дно ва ўсіх сэнсах. Словы “захоп”, “данбаскія тэрырысты” ці “акупацыя” – забароненыя. “Цягам 50 гадоў у савецкія часы татары не мелі свабоды слова і не маглі карыстацца роднай мовай. Цяпер трагічная гісторыя паўтараецца,” – кажа Лілія Буджурава, намесніца дырэктара татарскага тэлебачання. Крымскія татары ўсё больш запалоханыя, дыскрымінаваныя, пераследваныя. Па абвінавачанні ў экстрэмізме яны знікаюць у таямнічых акалічнасцях, а гэта сапраўды штурхвае гэтых лагодных людзей у бок экстрэмізму. 20 тысяч выхадцаў з Крыму, пераважна татары, жывуць ва Украіне ў галечы. Уцекачоў з Крыму, і татараў, і украінцаў, пры усіх адметнасцях аб’ядноўвае варожасць у дачыненні да Расеі.

16 сакавіка канцлер ФРГ Ангела Меркель заявіла, што “Захад ніколі не змірыцца з незаконным захопам Крыму”. Прэзідэнт Украіны выказаў спадзяванне, што заходнія санкцыі будуць узмоцненыя альбо прынамсі працягнутыя. „Калі “менскія дамоўленасці” не будуць выконвацца Расеяй і сепаратыстамі, я спадзяюся, што на саміце 19 сакавіка санкцыі будуць працягнуты і ўзмоцненыя,” – заявіў Парашэнка.

Наўрад ці будуць узмоцненыя, але нават у цяпершняй форме яны моцна шкодзяць расейскай эканоміцы. Страты, якія нясе Расея ў выніку санкцыяў, плюс нізкія цэны на нафту, ацверазілі б любога кіраўніка дзяржавы і любое грамадства, але гэта не тычыцца Расеі. Расейцы перажываюць эйфарыю і ўсплёск нацыяналізму. Яны жывуць у нейкім засляпленні. Тэрытарыяльныя здабыткі пасля постсавецкай страты статусу звышдзяржавы і прыніжэння кампенсуюць ім худыя кашалькі і рэпутацыю вырадка сярод міжнароднай супольнасці. Аднак ім гэта, як гаворыцца, “ да лямпачкі”. Галоўнае, што “Крым-наш”, а потым можа яшчэ і Данбас, Прыднястроў’е і нявыключана, што яшчэ нешта. Як быццам у іх было мала зямлі.

Расейцам, хаця яны гэтага не хочуць слухаць, трэба абавязкова патлумачыць, што ў выніку далучэння Крыму да Расеі, не адбылася ніякая гістарычная справядлівасць. Крым быў заселены ўжо у 3-м стагоддзі да нашай эры. Тут жылі многія нацыі: таўры, грэкі, скіфы, рымляне, сарматы, готы, гуны і хазары. З ХІІІ стагодзьдзя Крым увайшоў у склад “ Залатой Арды” і у асноўным быў населены татарамі. Толкі ў канцы ХVIII ст., гэта значыць 250 гадоў таму, у часы панавання Кацярыны Вялікай, паўвостраў быў далучаны да Расейскай Імперыі. Поўнасцю расейскім, у сэнсе насельніцтва і мовы, Крым стаў у канцы ІІ-й Усясветнай вайны ў выніку прымусовай высылкі татараў. У 1954 годзе Крым быў далучаны Хрушчовым да Украіны, бо ў савецкія часы і так усе былі у адной дзяржаве. З 2004 году Крым карыстаўся шырокай аўтаноміяй у складзе Украіны. Этнічныя расейцы былі ў большасці нават пасля вяртання на Радзіму больш як 200 тысяч крымскіх татар. Дамінавала расейская мова. Крымчане нават украінскія грыўні называлі рублямі. Расейцаў ніхто не пераследваў: яны былі ў большасці і пачувалі сябе бы дома. Расейцы павінны ведаць, што найбольшыя правы да Крыму маюць не яны, але татары. Яны павінны ведаць, што гэта “Кіеў – маці рускіх гарадоў”, што Масква была заснаваная кіеўскім і растоўскім князем Юрыем Даўгарукім, што для расейцаў украінцы не малодшыя, але старэйшыя браты, што Кіеў і Украіна –калыскай расейскай духоўнасці і дзяржаўнасці.

Шмат чаго яшчэ павінны ведаць расейцы са сваёй гісторыі і з гісторыі Крыму, калі цяпер яны кажуць пра гістарычную справядлівасць. Дык навошта патрэбны быў Расеі ўвесь гэты закалот? Навошта было парушаць не толькі пасляваенны лад у Еўропе, але і свае ўласныя гарантыі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў замен за адмаўленне ёю ад ядзернай зброі? Думаю, што з прычыны сваёй закамлексанаванасці і маніі велічы. Яны лічаць, што іх несправядліва прынізілі і паставілі на калені. Расея з немалой культурай у мінулым – цывілізацыйна адсталая. Яна не можа абыйсціся ні без заходніх крэдытаў, ні без тэхналогіяў. Тэхналогіяў не толькі для ракет, але нават без саміх заходніх трубаправодаў. З савецкіх часоў для расейцаў джынсы з Польшчы былі ўвасабленнем таго лепшага свету, Захаду. Перад першым “МакДональдсам” у Маскве шыхтаваліся даўжэзныя чэргі. Дзеці расейскіх элітаў, уключна з дочкамі прэзідэнта Пуціна, вучацца альбо жывуць у ЗША ці заходняй Еўропе. Яны пагарджаюць сваёй Радзімай з яе замурзанасцю і несвабодай, пра якую ўжо Лермантаў пісаў: “Прощай немытая Россия, страна рабов, cтрана господ, і вы погоны голубые, и вы послушный им народ”. Эліты не вераць у расейскую выключнасць, у расейскую веліч, у неразгаданасць «рускай душы». Ім – як гаворыцца – “пофіг” тая душа, абы толькі былі амерыканскія баксы. Расейскі патрыятызм пакінуты той бяздумнай масе, для якой “збранне рускіх земляў” важнейшае за поўны страўнік. Вось ім і ўбіваюць у галовы, што Захад разбэшчаны і гнілы, а у нас “святая Русь”. Ды не святая – а напышлівая і дурная. Перш чым асуджаць украінцаў у фашызме, разбярыцеся з тымі сваімі 20-цю нацыяналістычна-фашысцкімі арганізацыямі. Яны адкрыта дзейнічаюць. Упарадкуйце тое, што маеце.

Захопам Крыму і дэстабілізацыяй Данбасу Расея забіла мяч у свае вароты. Гадавіна так званага “уз’яднання Крыму з Расеяй” – гэта не падстава для гонару, але ганьбы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ