Прысуд Віктару Бабарыку агучаць шостага ліпеня (абноўлена)



Прысуд Віктару Бабарыку агучаць шостага ліпеня.

Сёння падчас апошняга слова ў судзе Віктар Бабарыка сказаў: “Я не магу прызнацца ў злачынстве, якога я не здзяйсняў. Мне не сорамна перад маімі блізкімі, таму што не было дапушчана ніякіх супрацьзаконных дзеянняў і нават намёку на здзяйсненне супрацьзаконных дзеянняў.

Мне не сорамна перад супрацоўнікамі банка за тое, што разам з імі цягам амаль 25 гадоў мы зрабілі адзін з лепшых банкаў гэтай краіны. Яго рабіла ў тым ліку і каманда, частка з якой знаходзіцца ў гэтай клетцы, і якая лічыць сябе злачынцамі.

Яго абвінавацілі ў легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Пракурор запрасіў для яго 15 гадоў пазбаўлення волі. 

***

Сёння, 28 чэрвеня, экс-банкір Віктар Бабарыка выступіў у судзе Маскоўскага раёна з апошнім словам. Ужо ў 8.30 раніцы супрацоўнікі суда паведамілі людзям, што сабраліся ў вялізнай чарзе, што ў зале ўсяго 30 месцаў і яны ўжо занятыя. На пасяджэнне пусцілі толькі журналістаў, адвакатаў, сваякоў і дыпламатаў.

Бабарыка сказаў, што ён падтрымлівае тое, што казалі адвакаты і спыніцца ў сваей прамове «на чалавечай сітуацыі», перадае «Радыё Свабода». Ён сказаў, што пражыўшы кавалак жыцця і знаходзячыся ў гэтай клетцы яму не сорамна за свае жыццё перад сваёй сям’ёй.

«Мне не сорамна, бо перад рашэннем, прынятым у траўні, яны ведалі, што я не падманваю». Паводле Бабарыкі, прызнаючыся ў злачынствах, якія ён не ўчыняў, магчыма, ён меў бы нейкія матэрыяльныя выгады. «Я не магу прызнаць злачынства, якое я не ўчыняў, — сказаў ён. — Мне не сорамна перад блізкімі, бо не было дапушчана процізаконных дзеянняў і нават намёку на ўчыненне процізаконных дзеянняў». Яму не сорамна перад работнікамі банка, бо быў зроблены лепшы банк у краіне, перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам.

Паводле Бабарыкі, за 25 гадоў працы яны не пачулі, што павінны рабіць нейкія дзеянні.

«Што б яны не казалі, я ў гэта дагэтуль не веру. Я ім нічога не казаў і іх не падманваў».

Яму не сорамна і перад кліентамі: «Не сорамна перад тымі, хто паверыў мне і стаў сябрам штабу», — сказаў Бабарыка.

Паводле яго слоў, тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны долараў і яны за гэта нічога не атрымалі.

Ён сказаў, што сотні тысяч, хто паставіў подпісы, верылі, што можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасцямі. «Я сумленны перад імі», — сказаў ён. Бабарыка сказаў, што яму складана даведацца пра ацэнку людзей, ці сорамна ім за яго, бо ён цягам года знаходзіцца ў СІЗА, у ізаляцыі, у яго няма доступу да інфармацыі, да яго даходзіла няшмат лістоў. Але ён разумее, што бальшыня сяброў штабу працягнулі пачатае.

Гэтыя людзі, паводле Бабарыкі, ахвяравалі матэрыяльнымі дабротамі, свабодай і жыццём. «Я ўпэўнены, што быў сумленны і не зрабіў ніякіх дзеянняў супраць законаў Беларусі», — сказаў ён.

Бабарыка таксама сказаў, што не ведае меркавання супрацоўнікаў банка, але тыя, хто выступаў, не казалі, што ім было сорамна працаваць.Ён сказаў, што не ведае думкі сяброў і блізкіх, але іх сваякі таксама не адчувалі непавагі да яго:

«Я ведаю ацэнку, якую паставілі мне дзеці: за тату не сорамна».

Паводле Бабарыкі, жыццё — марафон, і на гэтай дыстанцыі іншы раз даводзіцца рабіць выбар. Ён сказаў, што мы робім не для сябе, а для дзяцей. Ён пажадаў, каб «на гэтай дыстанцыі вы пачулі тую ж думку, што ім за вас не сорамна».

Суд над топ-менеджарамі „Белгазпрамбанка” пачаўся 17 лютага. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК), Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”), Кірыл Бадзей (в.а. старшыні праўлення банка пасля сыходу Бабарыкі), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення банка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Іллясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі „Актыўлізінг”) абвінавачваецца ў даванні хабару паўторна альбо ў буйным памеры.

З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Іллясюком, Шабанам, Кабяком заключаныя дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.

Шабана і Кузьміча дзяржабвінавачванне папрасіла пакараць 6,5 года пазбаўлення волі, Іллясюка, Дабралёта і Бадзея — 5,5 года пазбаўлення волі, Задойку — 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, Кабяка — 3 гадамі пазбаўлення волі.

Праваабаронцы прызналі Бабарыку палітвязнем.

***

Экс-кіраўнік “Белгазпрамбанка” і палітвязень Віктар Бабарыка сёння, 28 чэрвеня, выступіць на судзе з апошнім словам, – паведамляе яго штаб.

Пасяджэнне пачалося а 10-ай у судзе Маскоўскага раёна Менска. Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА ўжо год. Яго затрымалі разам з сынам 18 чэрвеня 2020 года. На той момант ён быў самым папулярным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У выніку яго не дапусцілі да выбараў, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

Суд пачаўся 17 лютага. Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Па справе праходзіць таксама шэраг былых менеджараў “Белгазпрамбанка”. Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнае.

Беларускае Радыё Рацыя