Меркель: ЕЗ не аслабіць ціск на ўлады Беларусі да змены сітуацыі ў краіне 



Еўразвяз не аслабіць ціск на ўлады Беларусі да таго часу, пакуль унутрыпалітычная сітуацыя ў краіне не зменіцца.

Пра гэта заявіла сёння канцлерка Германіі Ангела Меркель, выступаючы па відэасувязі на пасяджэнні франка-нямецкай парламенцкай асамблеі, якая ўключае ў сябе па 50 дэпутатаў Нацыянальнага сходу Францыі і нямецкага Бундэстага. Гэтую заяву Меркель прыводзіць агенцтва ТАСС.

«Мы ў Еўрапейскай Радзе прынялі рашэнне пра шырокі санкцыйны пакет адносна Беларусі. Мы ўвялі персанальныя і эканамічныя санкцыі, у прыватнасці, адносна авіякампаній, а таксама асноўных галінаў эканомікі», — нагадала кіраўніца нямецкага ўраду.

«І мы, зразумела, не аслабім ціск, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца», — падкрэсліла Меркель.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters