У Беластоку адкрылі Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі (абноўлена)



“Мы па-рознаму глядзім на ўнутраныя польскія справы, але ў пытанні падтрымкі дэмакратычнай Беларусі мы – салідарныя”, – кажа прадстаўнік польскага ўраду па справах Палоніі і палякаў за граніцай Ян Дзядзічак.

Ён прысутнічаў на адкрыцці Цэнтру дапамогі палякам з Беларусі ў Беластоку і падкрэсліваў важнасць паўстання гэтага месца:

– У складаныя часы для нашых суродзічаў у Беларусі, у складаныя часы, падкрэслю, для ўсяго беларускага народу, для дэмакратычнай супольнасці ў Еўропе і ў свеце, для нас, палякаў, гэта важны момант, таму што крыўдзяць нашых суродзічаў, крыўдзяць за тое, што яны з’яўляюцца палякамі.

Міністр Ян Дзядзічак заклікаў не забываць, што зусім блізка, за граніцай, адбываюцца рэпрэсіі:

– Мы тут стаім пад прыемным сонцам на фоне беластоцкай пешаходнай вуліцы і кавярні, а ўсяго ў некалькіх  гадзінах язды ад нас машынай людзей катуюць і мучаць. Яны змагаюцца, рызыкуючы сваім здароўем і жыццём, за польскія справы і за вольнасць і незалежнасць нашага ўсходняга суседа. 

Ян Дзядзічак адзначыў, што ў Цэнтры дапамогі палякам з Беларусі будзе аказвацца дапамога ў працаўладкаванні, у афармленні дакументаў, уладкаванні дзяцей у школы, але таксама плануецца і матэрыяльная падтрымка тым, хто гэтага патрабуе.

* * * * 

Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі адкрылі 28 чэрвеня ў Беластоку.  Цэнтр стане першым прыстанкам для тых асоб, якія ўцякаюць з Беларусі з прычыны палітычных рэпрэсій.

Асяродак прапануе дапамогу ў розных напрамках: ад інфармацыйнай – да фінансавай. Праект пад назвай SOS Białoruś – Centrum Pomocy Humanitarnej будзе дзейнічаць пры падляшскім аддзяленні таварыства “Wspólnota Polska”. Кажа старшыня аддзялення Анна Кетлінская:

– Мы помнім пра тое, што ў цяжкія хвіліны трэба быць блізка да сваіх сяброў і трэба ім дапамагчы. Таму і паўстала ідэя, каб тут, пры падляшскім аддзяленні таварыства, але таксама пры падтрымцы многіх арганізацый, якія таксама займаюцца палякамі ў Беларусі, а гэта фонд “Дапамога палякам на Усходзе”, фонд “Вольнасць і Дэмакратыя”, пры падтрымцы польскага ўраду, каб арганізаваць такія дзеянні, якія б канцэнтраваліся на дапамозе асобам, якія сюды прыязджаюць і спрабуюць нанова ўладкаваць сваё жыццё, бо мусілі выехаць з увагі на рэпрэсіі ў Беларусі.

Рэдактар сайту znadniemna.pl і сакратар праўлення Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пісальнік, які разам з сям’ёй вымушаны быў пакінуць Беларусь, адзначае важнасць паўстання такога асяродку дапамогі ў Беластоку:

– Між іншым, мэта гэтага цэнтру будзе такая, што акрамя неабходнай матэрыяльнай дапамогі, будуць ажыццяўляцца грунтоўныя і канкрэтныя кансультацыі для людзей, якія толькі што прыехалі. Такія кансультацыі вельмі патрэбныя, і гэта вялікая справа.

У працы Цэнтру гуманітарнай дапамогі заангажаваныя ў тым ліку прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці з Беларусі. Неўзабаве да іх кола ў Беластоку далучацца Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская, якія былі арыштаваныя па так званай “справе палякаў”, але дзякуючы ўмяшанню польскага ўраду і прэзідэнта Анджэя Дуды былі вывезеныя з турмы на мяжу з Польшчай.

 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя