У ЗША прагназуюць магчымую вайну з Кітаем
Паводле амерыканцаў збройны канфлікт можа адбыцца да 2027 года. Нагода — выспа Тайвань, якую могуць паспрабаваць захапіць кітайскія камуністы, паведамляе выданне Popular Mechanics.
Пентагон мяркуе, што Кітай у бліжэйшы час не рыхтуе ўварвання на Тайвань, але ўсё яшчэ прыкладае істотныя намаганні па нарошчванні паветраных, сухапутных і марскіх сілаў, якія могуць спатрэбяцца для захопу выспы. Пра гэта на мінулым тыдні заявіў старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў, генерал арміі ЗША Марк Мілі, выступаючы ў Кангрэсе.
Амерыканскі генерал лічыць, што ўлады КНР могуць паспрабаваць захапіць Тайвань да 2027 года, калі будзе адзначацца сто гадоў Народна-вызваленчай арміі Кітая, заснаванай у жніўні 1927 года. Мілі адзначыў, што пагроза для Тайваня «праявіцца ў гэтым дзесяцігоддзі, фактычна ў бліжэйшыя 6 гадоў».
Эканамічнае ператварэнне Кітая з адной з самых бедных краін у свеце ў адну з самых багатых, прывяло і да істотнага павелічэння абароннага бюджэту краіны. Таксама за апошнія два дзесяцігоддзі ўлады краіны правялі серыю рэформ, якія пакліканы зрабіць кітайскія ўзброеныя сілы супастаўляльнымі заходнім. Так, напрыклад, адбылося скарачэнне войска і павелічэнне бюджэту ваенна-марскіх і ваенна-паветраных сіл. Агулам абарончы бюджэт краіны павялічваецца прыкладна на 6 працэнтаў кожны год. Увесь гэты час Кітай рабіць упор на сілы, якія могуць быць выкарыстаны за мяжамі краіны.
У Popular Mechanics прагназуюць, што бітва за Тайвань можа пачацца не ў 2027-м, а ў 2035-м. На думку выдання, да гэтага часу Пекін будзе больш падрыхтаваным для вядзення ваенных дзеянняў, у прыватнасці да дэсантавання праз праліў, які падзяляе мацярык і востраў. Тым не менш, у кіраўніцтва Кітая ёсць вельмі важкі чыннік быць гатовым да вайны і магчымага ўварвання. Кітай неаднаразова папярэджваў, што абвяшчэнне тайваньскай незалежнасці пацягне за сабой ваенныя дзеянні. Калі гэта адбудзецца і Кітай не будзе гатовы да ўварвання, гэта можа падарваць давер да кіруючай камуністычнай партыі Кітая.
Нагадаем, што пасля сакрушальнай паразы ў крывавай грамадзянскай вайне 1927–1950 гадоў, кіраўніцтва і прыхільнікі партыі Гаміньдан былі вымушаны збегчы на Тайвань. Фактычна нацыяналісты кантралявалі і працягваюць кантраляваць толькі некалькі выспаў, але да 1970-х гадоў менавіта іх прызнавалі законнай уладай усяго Кітаю. Камуністы разглядаюць гэтыя тэрыторыі, як сваю правінцыю.
Кіраўніцтва КНР прапануе палітыку «адна краіна, дзве сістэмы», згодна з якой Тайваню абяцаны аўтаномны статус у выпадку вяртання ў склад КНР. Тайваньскія ўлады настойваюць на працягу так званай палітыкі «двух дарог», калі кожная з краінаў развіваецца сваім шляхам. Але тым не менш апошнія час ад часу робяць саступкі — так многія афіцыйныя назвы былі зменены з «Кітая» на «Тайвань». Напрыклад, назва цэнтральнай тайваньскай газеты China Post была зменена на Taiwan Post.