Міністр юстыцыі Сліжэўскі ўнесены ў санкцыйны спіс ЗША



Злучаныя Штаты Амерыкі ўнеслі міністра юстыцыі Беларусі Алега Сліжэўскага ў свой санкцыйны спіс, вынікае з паведамлення ўпраўлення па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША.

Асобам, якія знаходзяцца ў гэтым спісе, забаронены ўезд у ЗША, іх актывы ў краіне — у выпадку іх наяўнасці — замарожваюцца, амерыканскім грамадзянам нельга весці з імі бізнес.

21 чэрвеня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да пяці беларускіх юрыдычных і 16 фізічных асоб: начальніка УУС Менскай вобласці Аляксандра Астрэйкі, прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіла Грыба, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, генеральнага пракурора Андрэя Шведа, старшыні КДБ Івана Церцеля, камандзіра падраздзялення „Альфа” Сяргея Зубкова, а таксама членаў Цэнтрвыбаркама Вольгі Дарашэнкі, Андрэя Гуржыя, Святланы Кацубы, Сяргея Каліноўскага, Аляксандра Ласякіна, Ігара Плышэўскага, Марыны Рахманавай, Ірыны Целікавец.

Юрыдычныя асобы, да якіх уведзеныя санкцыі: цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, УУС Брэсцкага аблвыканкама, унутраныя войскі МУС, галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, Камітэт дзяржбяспекі.

Гэтыя санкцыі ўведзеныя адначасова з чацвёртым пакетам санкцый Еўразвяза.

belapan.by