У Гародні судзілі Таццяну Кашко



Гарадзенка Таццяна Кашко судом Ленінскага раёна Гародні абвінавачваецца паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. 

Пракурорка Юлія Шчарбіна патрабуе ў абвінаваўчай прамове прызначыць Таццяне Кашко 2 гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу  „хатняя хімія.”  За тое, што яна нібыта публічна абразіла мясцовага  чыноўніка МУС Стасюкевіча.

У судзе быў праваабаронца Раман Юргель, які каментуе сітуацыю:

– Савецкая спадчына гэтых артыкулаў – абраза кіраўніка дзяржавы, абраза дзяржасобы – паспрыяла гэтай сітуацыі. Тым больш паслявыбарнай, калі адна частка грамадства была збітая сілавікамі. І зараз яны апынуліся вінаватымі і абвінавачанымі, асуджанымі. І ўсе адышлі ад тэмы выбараў.

Абарона патрабавала правесці паўторную лінгвістычную экспертызу, бо прызначаны судом эксперт Марыя Гецэвіч не мае практыкі складання экспертызы і не валодае беларускай мовай, перакладаючы напісанае ў сацыяльнай сетцы Таццянай Кашко на расейскую мову. З чаго зрабіла няслушную, непрафесійную выснову. 

Суддзя задаволіла зыск пракуроркі – 2 гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу  „хатняя хімія” і 2 тысячы рублёў на карысць „абражанага міліцыянта”.

На фота: апошняе слова Таццяны Кашко

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя