ЕБРР пагоршыў прагноз для эканомікі Беларусі з-за ўзмацнення санкцый



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пагоршыў ацэнку росту беларускага ВУП на 0,5 працэнтнага пункта, да 0,5% у 2021 годзе, на фоне ўвядзення эканамічных санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі. Чарговы прагноз ЕБРР рэгіянальных эканамічных перспектыў апублікаваны 29 чэрвеня.

„Чакаецца, што эканоміка будзе стагнаваць, а рост складзе ўсяго 0,5% як у 2021, так і ў 2022 гадах. Узмацненне эканамічных санкцый, якія, магчыма, удараць па арыентаванай на экспарт калійнай і нафтавай прамысловасці, уяўляе сабой сур’ёзную рызыку для перспектыў росту”, — гаворыцца ў аглядзе.

„У той час як аднаўленне прамога крэдытавання дзяржаўнымі банкамі дзяржаўных прадпрыемстваў падтрымлівала ўстойлівасць эканомікі на працягу ўсяго леташняга крызісу, гэта павышае ўразлівасць у сярэднетэрміновай перспектыве”, — адзначае ЕБРР.

Эксперты банка канстатуюць, што беларуская эканоміка скарацілася ўсяго на 0,9% у 2020 годзе з-за адсутнасці поўнай ізаляцыі ў сувязі з COVID-19 і ўзмацнення падтрымкі дзяржаўнага сектара. Разам з тым, на думку ЕБРР, аднаўленне эканомікі ў 2021 годзе малаверагоднае на фоне росту нявызначанасці.

Паводле звестак Белстата, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—маі 2021 года вырас на 3,1%. Афіцыйны прагноз уладаў на гэты год прадугледжвае рост эканомікі не менш як на 1,8%. Згодна з ацэнкамі незалежных эканамістаў, рост ВУП Беларусі можа моцна запаволіцца ў другой палове года.

24 чэрвеня Еўрасаюз упершыню ў гісторыі ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі да Беларусі. Як паведаміла прэс-служба Савета ЕЗ, гэта стала адказам на няспынныя парушэнні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на борце самалёта.

Сектаральныя эканамічныя санкцыі ўключаюць забарону на прамы або ўскосны продаж, пастаўку, перадачу ці экспарт любой асобе ў Беларусі абсталявання, тэхналогій або праграмнага забеспячэння, прызначаных для выкарыстання ў маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Забароненая перадача тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння для выкарыстання ў ваенных мэтах. Санкцыі абмяжоўваюць гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і таварамі, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў.

Абмяжоўваецца доступ на рынкі капіталу ЕЗ, забараняецца страхаванне і перастрахаванне ўрада Беларусі і беларускіх дзяржаўных органаў і ўстаноў. Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сектары, а дзяржавы — члены ЕЗ абавязаныя абмежаваць удзел у Беларусі шматбаковых банкаў развіцця, членамі якіх з’яўляюцца.

belapan.by