Жыхара Бялынічаў прысудзілі да «хіміі» за каментары ў адрас трох міліцыянтаў
30-гадовага жыхара Бялынічаў Расціслава Кушнярова асудзілі на два з паловай гады „хіміі” за абразлівыя каментары пра трох супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго ён павінен выплаціць сілавікам па адной тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Паводле абвінавачання, у лістападзе і снежні мінулага года Кушнер, будучы ў Маскве, пакінуў у телеграм-канале, які быў прызнаны экстрэмісцкім, абразлівыя каментары пад фатаграфіямі з асабістымі звесткамі пацярпелых. У публікацыі гаварылася, што гэтыя супрацоўнікі міліцыі «ўдзельнічалі ў разгонах мірных дэманстрантаў і давалі лжывыя сведчанні ў судах».
Абвінавачванне настойвала, што ў каментарах Кушнярова была дапушчана ў непрыстойнай форме негатыўная ацэнка дзеянняў супрацоўнікаў унутраных спраў. Сваімі выказваннямі ён нібыта «меў намер публічна зняважыць прадстаўніка ўлады».
Да суда Кушнер трое сутак прабыў пад вартай. Цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Прысуд уступіць у сілу праз дзесяць дзён, калі Кушнер яго не абскардзіць. Пакуль абвінавачаны думае, ці варта гэта рабіць.
Беларускае Радыё Рацыя