Пра палітычных доўгажыхароў
Хутка ў Расею вернецца стары савецкі анекдот пра Фідэля Кастра. Маўляў, падаравалі Фідэлю галапагоскую чарапаху, якая жыве 400 год. На што кубінскі кіраўнік і кажа: “Бяда з гэтымі хатнімі жывёламі: толькі прызвычаішся, а яны паміраюць у цябе на руках”. Як вядома, Фідэль Кастра прабыў ва ўладзе вельмі доўга. Ён быў прэзідэнтам Кубы з 1976 па 2008 гады. То бок 32 гады. Пасля чаго, у 81 год, Фідэль са словамі, што трэба даць дарогу маладым, перадаў уладу свайму роднаму брату Раулю. Апошні, што праўда, на той момант быў не намнога маладзейшы: яму было 77 год. Затое прабыў малады Рауль ва ўладзе яшчэ 10 год.
Цяперашні кіраўнік РФ узростам маладзейшы і за Фідэля, і за Рауля Кастра, калі тым давялося даць дарогу іншым. Уладзіміру Пуціну 69 год. А таму прэзідэнт Расеі заяўляе, што гаварыць пра пераемніка яшчэ рана. Яно і зразумела: да 81 года яшчэ 12 год. А да 88 – увогуле 19. Аднак Уладзімір Пуцін абяцае паведаміць пра кандыдата на пасаду, калі прыйдзе час. Калі ўзгадаць пра тое, што прэзідэнцкія тэрміны Уладзіміра Пуціна абнуліліся, то зразумела становіцца, што ён збіраецца быць ва ўладзе яшчэ доўга. Пытанне толькі, як доўга? Як Фідэль? Ці як Рауль? У любым разе яшчэ некалькі год прэзідэнцтва і героем анекдота пра галапагоскую чарапаху стане ўжо не Фідэль.