Вадзім Мажэйка: Спіс магчымых контрсанкцый у Беларусі вельмі малы



Санкцыі і контарсанкцыі. МЗС Беларусі заявіў, што ў адказ пачынае «працэдуру прыпынення пагаднення аб рэадмісіі з Еўрапейскім звязам». Пагадненне наўпрост тычыцца сітуацыі з нелегальнай міграцыяй.

Чаму афіцыйны Менск пайшоў на такі крок, тлумачыць аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

– Калі ўявіць, што Макей сядзіць у такім рэстаране “контрсанкцыі” і па меню выбірае, якія контрсанкцыі ўвесці, то не так шмат беларуска-еўрапейскіх пагадненняў, з якіх увогуле магчыма выйсці. Але варта адзначыць, што да гэтага пагаднення больш за ўсё імкнуўся раней сам афіцыйны Менск, калі быў зацікаўлены атрымаць лепшыя кошты на візы. І мы бачым, што цяпер Менск дакладна не зацікаўлены прымаць назад усіх гэтых нелегальных мігрантаў з Ірака, бо акурат сам жа Менск, як сцвярджаюць літоўскія ўлады, ім садзейнічае, каб гэтая нелегальная міграцыя адбывалася.

Аналітык зазначае, што гэта тупіковы шлях. Бо няма вялікае розніцы, з якога боку мяжы за еўрапейскія грошы абсталёўваць інфраструктуру – беларускім ці летувіскім. Адметна, што Польшча сутыкнулася з нелегальнай міграцыяй з усходняга боку ў значна меншай меры.

– Прынамсі версія, якую я чуў, палягае на тым, што беларуска-польская мяжа – гэта мяжа, якая засталася яшчэ з савецкіх часоў. Паколькі за савецкім часам гэта была мяжа СССР, яна была значна лепш абсталяваная, чым мяжа паміж Беларуссю і Літвой. І адпаведна беларуска-польская мяжа значна мацнейшая і праз яе складаней рабіць шляхі нелегальнай міграцыі.

Як заўважае Вадзім Мажэйка, адносна Польшчы афіцыйны Менск ужывае мацнейшы гістарычны наратыў, у тым ліку ўвёўшы Дзень народнага адзінства 17 верасня.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя