У Гарадзенскай вобласці памежнікі з дапамогай стральбы прызямлілі беспілотнік
У раёне аграгарадка Суботнікі (Іўеўскі раён, Гарадзенская вобласць) недалёка ад мяжы з Літвой ноччу 29 чэрвеня памежны нарад прымусова прызямліў беспілотны мотапараплан, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК).
Апарат выявілі, калі ён ляцеў на вышыні блізу сотні метраў. У якасці папераджальнай меры і сігналу да пасадкі памежнікі неаднаразова выкарыстоўвалі асвятляльныя патроны. Пасля высветлілася, што апарат кіраваўся дыстанцыйна.
Памежнікі „распачалі ўсе меры для прымусовай пасадкі беспілотнага мотапараплана, у тым ліку быў адкрыты агонь з табельнай зброі”.
„Папярэдні агляд паказвае на саматужную вытворчасць канструкцыі, а дыстанцыйнае кіраванне — на магчымасць выкарыстання лятальнага апарата для незаконнага перамяшчэння цераз мяжу як таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, так і іншых грузаў, якія ўяўляюць небяспеку”, — паведамілі ў ДПК.
Хто выкарыстоўваў саматужны беспілотнік у паветранай прасторы памежнай зоны Беларусі, цяпер высвятляецца.
У камітэце папярэдзілі, што „выкарыстанне лятальных апаратаў у памежнай паласе забаронена, а памежнікі маюць права выкарыстоўваць зброю для прадухілення парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”.