Віктар Маргелаў: Усё гэта атручвае дзелавую атмасферу
Сустаршыня “Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў” Віктар Маргелаў пракаментаваў узмацненне ціску з боку сілавікоў да прадстаўнікоў бізнесу.
На гэтым тыдні прадстаўнікі сілавых структур завіталі ў офіс кампаніі “Модум”. Крыху раней былі пытанні да кампаній “21 век” і “Юркас”, яшчэ раней быў затрыманы кіраўнік гандлёвай сеткі “Green”.
Віктар Маргелаў: Дакладнай інфармацыі па гэтых справах у нас няма, таму можна рабіць самыя розныя высновы. І палітычны складнік тут таксама не выключаецца.
Зразумела, што ў некаторых бізнесаў ёсць пэўныя парушэнні, і ў сілавікоў могуць да іх з’явіцца пытанні. Але здзіўляе, што да гэтага не было такой хвалі “наездаў”, а зараз яна пайшла. Гэта і здзіўляе, і насцярожвае.
Пры гэтым можна заўважыць, што прэсуюць даволі буйныя кампаніі, у якіх абарот больш за мільён даляраў.
РР: Бізнесу такія праверкі не на карысць?
Віктар Маргелаў: Безумоўна. Усё гэта атручвае дзелавую атмасферу і не садзейнічае эканамічнаму развіццю краіны. Бо пасля такіх наездаў кожны дзесяць разоў падумае: а ці патрэбна мне развівацца, пашыраць бізнес, даваць людзям новыя працоўны месцы? Атрымліваецца, што гэта толькі дадатковыя рызыкі. І чалавек задасца пытаннем: можа не варта ўдасканальваць свой бізнес, бо заўтра могуць прыйсці і ўсё забраць?
Ужо не раз казалі пра дэкрыміналізацыю эканамічнай дзейнасці. Казалі, што не патрэбна за эканамічныя злачынствы адпраўляць людзей за краты. Калі нехта нешта не даплаціў, то няхай чалавек застаецца на волі, працуе і кампенсуе дзяржаве ўсе страты. Ад гэтага больш выгоды для ўсіх. А калі бізнесмена кінуць за краты, то не будзе ні падаткаў, ні бізнеса.
Беларускае Радыё Рацыя