Манументальнае мастацтва ў Нацыянальнай бібліятэцы!
6 ліпеня ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр.Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адкрываецца выстаўка “Манумент”, якая праходзіць у межах Рэспубліканскага фестывалю манументальнага мастацтва.
Маштабны выставачны марафон, які аб’ядноўвае на розных арт-пляцоўках сталіцы мастакоў-манументалістаў з Менска і рэгіёнаў Беларусі, знаёміць гледачоў з новымі тэндэнцыямі ў сучасным беларускім манументальна-дэкаратыўным мастацтве, прадстаўляе шырокай публіцы цікавыя працы вядомых мастакоў-манументалістаў і маладых аўтараў.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – адна з палітр творчасці беларускіх манументалістаў. У экспазіцыі – аўтары з адметным творчым почыркам і светабачаннем, знакамітыя класікі Каміль Камал, Сямён Дамарад, вядомыя беларускія мастакі Андрэй Скіцеў, Алесь Суша, Сяргей Крыштаповіч, Андрэй Кольга і іншыя.
Работы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, разам ствараюць ураджанне грандыёзнага палатна. Распісанае мноствам сюжэтаў, яно становіцца маштабнай мазаікай сучаснага беларускага манументальнага мастацтва. Шматузроўнева, шматгранна “жывапісны роспіс” галерэі распавядае пра жыццё – яго мудрасць, лёгкасць, сэнс і прыгажосць.
Арганізатары: Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларускі саюз мастакоў.
Выстаўка будзе працаваць да 1 кастрычніка 2021 года, уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.