Сустаршыня Еўранеста: Не Лукашэнка, а Беларусь з’яўляецца партнёрам „Усходняга партнёрства”
Для Еўразвяза Беларусь застаецца партнёрам у межах ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, заявіў еўрадэпутат і сустаршыня Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) Андрус Кубілюс.
„Рэжым Лукашэнкі ўвесь час і адчайна спрабуе ўтрымаць уладу, выкарыстоўваючы рэпрэсіі супраць нявінных беларусаў і ўчыняючы тэрарыстычныя акты, нагнятаючы страх, выкарыстоўваючы масавую прапаганду і пагрозы, — адзначыў Кубілюс. — Рашэнні спадара Лукашэнкі з гледзішча міжнароднага права з’яўляюцца нядзейнымі. Нядаўняя заява рэжыму Лукашэнкі аб так званым прыпыненні ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве азначае толькі адно: дыктатар Лукашэнка можа пакінуць ініцыятыву „Усходняе партнёрства”, аднак ні ён, ні яго незаконны рэжым не ў стане вывесці Беларусь з палітыкі і праграм Усходняга партнёрства ЕС”.
Паводле слоў Кубілюса, „рашэнні нелегітымнага рэжыму не маюць прававых наступстваў”. „Для ЕЗ, яго дзяржаў-членаў і інстытутаў Беларусь застаецца партнёрам у межах ініцыятывы „Усходняе партнёрства”. Аналагічным чынам любыя далейшыя рашэнні спадара Лукашэнкі ці яго рэжыму ў дачыненні да Беларусі будуць нядзейнымі, — падкрэсліў еўрадэпутат. — Рашэнні аб будучыні Беларусі знаходзяцца ў руках народа Беларусі. Толькі народ Беларусі з дапамогай свабодных і дэмакратычных выбараў можа выбраць шлях для сваёй краіны”.
„Мы чакаем, што дыктатар Лукашэнка найбліжэйшым часам прыме апошняе правільнае рашэнне пакінуць Беларусь, — дадаў Кубілюс. — Міжнародная супольнасць, і ЕС у прыватнасці, падтрымліваюць народ Беларусі і гатовыя дапамагчы яму ў мірнай перадачы ўлады шляхам дэмакратычных і свабодных выбараў”.
Кубілюс таксама адзначыў, што Еўрапарламент у рамках Усходняга партнёрства гатовы актывізаваць узаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. „Лідары дэмакратычнай Беларусі павінны быць афіцыйна запрошаныя ад Беларусі на саміт Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў Бруселі ў снежні 2021 года. Незаконныя заявы ўзурпатара Лукашэнкі ніяк не паўплываюць на статус Беларусі ў ініцыятыве „Усходняе партнёрства”, — сказаў ён.
У сувязі з новымі санкцыямі Еўрасаюза ў МЗС Беларусі 28 чэрвеня быў выкліканы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Дзірк Шубель. Яму прапанавалі выехаць у Брусель для кансультацый, каб „давесці свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый”. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕЗ Аляксандр Міхневіч быў адкліканы для кансультацый у Менск.
Шубелю таксама было абвешчана, што Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве ЕЗ „Усходняе партнёрства”, пачынае працэдуру прыпынення дзеяння пагаднення з ЕЗ аб рэадмісіі, забараняе ўезд у краіну „прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага звяза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер”. Акрамя гэтага, у МЗС папярэдзілі, што Беларусь „працягвае выпрацоўку іншых мер рэагавання, у тым ліку эканамічнага характару”.
belapan.by