Агляд прэсы: дні «незалежнасці»
Аўстрыйскі дэпутат пра Беларусь. Ці выстаіць Славенія ў штурвала Еўрасавету? СМІ свету назіраюць за грамадзянскай вайной у Афрыцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Украінскае выданне Укрiнформ друку інтэрв’ю з сябрам Нацыянальнай рады Аўстрыі Гельмутам Брандштэтэрам, які падчас удзелу ў адной з акцый у Вене выказаў словы падтрымкі беларускаму народу ў яго барацьбе з рэжымам Лукашэнкі. Аўстрыйскі дэпутат распавядае, што стаў старшынём групы дружбы, якая аб’ядноўвае тры краіны – Украіну, Малдову і Беларусь. «Мне было зразумела, што Украіна – палітычна важная, адчувальная тэма. Але тады, калі стваралася гэтая група, я яшчэ не ведаў, што Беларусь таксама стане для нас такой вялікай тэмай», – цытуе дэпутата ўкраінскае выданне. «Калі згадваем Беларусь, то зараз гэта вельмі складанае пытанне – што будзе з Беларуссю. Калі паглядзець фотаздымкі Лукашэнкі з Пуціным нядаўна, то становіцца зразумела, хто начальнік, а хто просіць дапамогу. Усё было выразна бачна, і трэба толькі зірнуць на карту, каб зразумець адносіны паміж дзвюма дзяржавамі, у каго якія варыянты – што ў Лукашэнкі ўсё менш і менш варыянтаў, а ў Пуціна ўсё больш і больш. Насамрэч гэта небяспечна. І як мы пераканаліся пры захопе самалёта, гэта таксама небяспечна для суседніх краін», – аналізуе ўкраінскае выданне.
***
З 1 ліпеня крэсла старшыні Еўрапейскага савету пераходзіць ад Партугаліі да Славеніі. Яе кіраўнік – правы папуліст Янэз Янша. У яго адрас гучыць нямала крытыкі з нагоды ціску, які робіць урад на СМІ, а таксама яго дэманстратыўнай палітычнай блізкасці да прэм’ер-міністра Венгрыі Орбана. У сілу гэтых прычын еўрапейская прэса вельмі скептычна настроена ў дачыненні да будучага старшынства Славеніі ў Еўрапейскім савеце. «Янша не ў адзіночку будзе старшынстваваць у Еўрапейскім савеце», – у адказ запэўнівае славенская газета Delo. «Старшынства ў Еўрапейскім савеце – гэта ў першую чаргу складаная дыпламатычная і бюракратычная задача па рэалізацыі прыняцця рашэнняў у рамках еўрапейскай заканадаўчай працэдуры. Старшынства задумана як сумленны механізм пасярэдніцтва паміж дзяржавамі-сябрамі, якія пераследуюць розныя інтарэсы. У славенскага старшынства будзе нямала магчымасцяў праявіць сябе і горда даць справаздачу аб канкрэтных поспехах у канцы года. Бо нягледзячы на тое, што прэм’ер-міністр Янша неаднаразова пераступаў чырвоную рысу таго, што дазволена і прымальна, старшынства – гэта праект для ўсёй краіны», – піша славенскае выданне.
***
З лістапада ў Тыграі – аўтаномным рэгіёне ў Эфіопіі, працягваецца жорсткая грамадзянская вайна паміж эфіёпскай арміяй і аб’яднаннямі Сіламі абароны Тыграя. Апошнія атрымалі відавочную перамогу, а прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед Алі абвясціў аб спыненні агню. Але, як асцерагаецца прэса, пра пераадольванне канфлікту казаць яшчэ рана. «У тым, што ў рэгіёне Тыграй пануе гвалт і голад, перш за ўсё вінаваты сам Абій Ахмед Алі», – лічыць брытанская газета The Guardian. «Як і яго папярэднік і масавы забойца Мэнгісту Хайле Марыям, Абій Ахмед Алі катэгарычна адмаўляе наяўнасць у краіне голаду. Калі калі-небудзь пераможа справядлівасць, то мы станем сведкамі характэрнага відовішча: лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру будуць судзіць за злачынствы супраць чалавечнасці. Катастрофа ў Тыграі ніякім чынам не з’яўляецца натуральнай або непазбежнай. Разам са сваімі саюзнікамі з Эрытрэі Абій Ахмед Алі робіць усё для таго, каб гэты некалі квітнеючы і заможны рэгіён ператварыўся ў чарговую сусветную катастрофу. Пакуль сусветнае супольнасць не прачнецца і не пачне дзейнічаць, Абій Ахмед Алі не спыніцца», – лічыць брытанскае выданне.
***
З 1 ліпеня на тэрыторыі Еўразвязу дзейнічае адзіны лічбавы пашпарт вакцынацыі, які павінен палегчыць падарожжы для тых, хто прышчапіўся ад каронавірусу. Аднак у многіх краінах дагэтуль маюцца праблемы з выдачай або праверкай такога сертыфікату. Аглядальнікі мяркуюць, што з новым дакументам не атрымаецца ліквідаваць усе перашкоды на шляху да свабоды перамяшчэння, аднак яны бачаць у ім важны ўнёсак у справу еўрапейскай інтэграцыі. «У канчатковым выніку зыход барацьбы з каронавірусам вырашаецца ўрэгуляваннем на месцах, у розных краінах ЕЗ. І д’ябал тут крыецца ў дэталях», – піша бельгійская газета De Morgen. «Сёння, ужо праз дзесяцігоддзі пасля аб’яднання Еўропы, мы раптам апынулася адкінутымі назад у Сярэднявечча, з яго бясконцымі мытнымі межамі і правіламі, якія адрозніваюцца ад горада да гораду. Мала таго, што гэта непрактычна, куды горш тое, што ствараецца ўражанне абсалютнага самавольства мясцовага начальства ў кожнай з краін. Цяжка чакаць ад грамадзян даверу да ўладаў, калі ў адной краіне ад турыстаў патрабуюць захавання жорсткага каранціну, а ў другой не трэба нават рабіць просты тэст. Атрымліваецца, ЕЗ праваліў і гэты іспыт. Праблема ў тым, што ў верасні нас чакае яшчэ адно выпрабаванне. І расплачвацца ў канчатковым выніку будуць не палітычныя лідары, а пацыенты і персанал бальніц ды клінік», – папярэджвае бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.