Анонс: Быў хранікёрам родных мясцінаў
Пісаў тэксты з роднай Кузавы, Чаромхі ды наогул з Гайнаўшчыны і Бельшчыны. Не стала шматгадовага карэспандэнта тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”, “народнага журналіста” – Уладзіміра Сідарука. Яму было 81 год. Дзядзька Валодзя – бо так называлі яго ў рэдакцыі – быў чалавекам з прыродным пачуццём справядлівасці. Узгадвае былы галоўны рэдактар беластоцкай “Нівы” Віталь Луба:
– Ён прыняў удзел у конкурсе. Там выйграў узнагароду. Гэта было яшчэ ў другой палове 1950-ых гадоў. Ну і ён тады адважыўся пісаць. І навучыўся і пісаў. А пісаў проста пра тое, што бачыў, што дзеялася вакол яго. Так што проста быў такім хранікёрам. Перш за ўсё Чаромхі, Чаромхаўскай гміны, але таксама і Гайнаўшчыны і Бельшчыны. Бо калі працаваў кіношнікам і ездзіў з кінаперасоўкай, то наглядаў многія сітуацыі. Тэм было ў яго многа.
Памяці Уладзіміра Сідарука – “народнага журналіста” родам з Кузавы на Гайнаўшчыне будзе прысвечана перадача Анны Шайкоўскай з цыклу “З Падляшша родам. Месцы. Падзеі. Людзі”. Зможам яе паслухаць ужо бліжэйшую нядзелю. Прэм’ера ў 12.05 паводле польскага часу (13.05 беларускага часу). Паўторы ў 20.05 і ў наступную суботу перад Падляшскім канцэртам пажаданняў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя