Дарафей Фёнік: Яраслаў Кастыцэвіч ніколі не здраджваў сваім прынцыпам
Сёння, 3 ліпеня, спаўняецца 125 гадоў з дня народзінаў Яраслава Кастыцэвіча – педагога, грамадскага і царкоўнага дзеяча.
Міхась Андрасюк паразмаўляў з Дарафеем Фёнікам, дырэктарам Музея Малой Айчыны ў Студзіводах, даследчыкам гісторыі польска-беларускага памежжа і біёграфам Яраслава Кастыцэвіча.
РР: Чаму Яраслаў Кастыцэвіч асоба вельмі важная нам, беларусам Падляшша?
Дарафей Фёнік: Перадусім гэта наш чалавек. Ён не прыехаў адкульсьці здалёку. Ён нарадзіўся ў нас тут, у Пасынках. Выхоўваўся сярод простых людзей. Бацька яго быў святар у царкве ў Пасынках. Збудаваў новую царкву, у якой пахрысцілі Яраслава і яго чатырох братоў. Ён вучыўся ў Бельску, вучыўся потым у белападляшскай гімназіі. І вярнуўся да Бельску і тут жыў, у міжваенны час, перажыў драматычныя падзеі ваеннага часу, калі яго сям’ю вывезлі, жонку і дачку Святлану, у Сібір у Алтайскі край. А яго саветы ў турму пасадзілі ў Ломжы. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, ён застаўся сабою. У міжваенны час, які быў неспрыяльны для беларускага руху на Падляшшы, ён таксама быў актыўным чалавекам. Калі прыязджаў да Бельска ў 1926-27 гадах пасол Рак-Міхайлоўскі, знаны беларускі пасол сейма, ён яго прымаў, сустракаўся, праводзілі яны размовы. Ну і пасляваенны час. У гэты час была ягоная актыўнасць у арганізацыі школьніцтва, дзеля выхаванне пакаленняў людзей. Асабліва ў пасляваенны час, калі вайна спрыяла грамадскай дэмаралізацыі. А ён, дзякуючы такому выхаванню, сваёй прынцыповасці, умеў тое ўсё павесці ў шлях будавання нашай супольнасці.
РР: Некаторы час Яраслаў Кастыцэвіч быў войтам Бельскай гміны, быў таксама намеснікам бурмістра. І ўвесь гэты час і гэтыя пасады выкарыстоўваў, каб арганізаваць таксама беларускае школьніцтва.
Дарафей Фёнік: Падчас другой сусветнай вайны, дзякуючы яму, таксама Пятру Пісецкаму, Міхалу Матвеюку, іншым настаўнікам паўстала сетка беларускіх школ на Бельшчыне. Столькі беларускіх школ у іншых раёнах не было колькі тут. І пасля вайны таксама Яраслаў Кастыцэвіч аж да 1965 года быў дырэктарам беларускага ліцэя, не належыўшы да камуністычнай партыі. Дырэктара школы ў 50-ыя гады цяжка было сабе ўявіць у Польшчы, каб ён хадзіў штонядзелю на службу да царквы. А ў ягоным доме ў кожным пакоі віселі іконы. Тым паказваў сваю асобу. І нават у цяжкія хвіліны, калі ўлады хацелі яго звальняць, у 50-ыя гады, яго былыя вучні, якія сталі на розных адказных пасадах, абаранялі яго перад уладамі. Проста быў чалавекам, які ніколі не здрадзіў сваім прынцыпам.
Мой суразмоўца, Дарафей Фёнік, аўтар знакамітага альбома-біяграфіі Яраслава Кастыцэвіча. Кнігу “Яраслаў Васільевіч Кастыцэвіч” выдаў Музей Малой Айчыны ў Студзіводах.
Цалкам размова:
Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя