Блогерка Алена Янушкоўская: Беларусы, я зычу ўсім нам сілаў!



Віцебская блогерка Алена Янушкоўская, якая мусіла ўцякаць з Беларусі, бо трапіла пад палітычны пераслед пасля асвятлення мірных маршаў пратэстаў, воляю лёсу апынулася ў Варшаве. Але і тут яна не спыняе сваёй дзейнасці: блогерка ў выгнанні асвятляе акцыі салідарнасці з Беларуссю, што праходзяць у Польшчы. 

Учора яна ўзяла ўдзел і ў сімвалічнай малітве за Беларусь, у якую яна марыць вярнуцца:

– Учора ў нас была “Малітва за Беларусь”, і я там казала, што  малюся за тое, каб Бог даў сілаў тым, хто ў Беларусі, змагацца з гэтым рэжымам. Не зняверыцца і перамагчы! Вы з таго боку, а мы з гэтага, і мы гэты рэжым даціснем!

 4-га ліпеня Алене Янушкоўскай спаўняецца 56 гадоў. Год таму яна святкавала свой юбілей у сяброўскім коле, і госці спявалі “Разбуры турмы муры”, спадзеючыся на хуткую перамогу  справядлівасці ў краіне. Але цяпер блогерка апынулася ў замежжы разам з дачкой і дзвюма ўнучкамі, бо дзяцей пагражалі забраць з сям’і нібыта за хібы выхавання: і Алена Янушкоўская, і яе дачка Юлія Уласенка неаднаразова былі пакараныя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Тым не менш, блогерка марыць вярнуцца на Радзіму, і на сваім відэаканале “Настоящая Белорусь” выкладаць толькі пазітыўныя відэаролікі пра дэмакратычныя пераўтварэнні.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск