Агляд прэсы: рабы – не мы?
Нож убіты ў спіну беларускай меншасці. Амстэрдам прынёс прабачэнні за каланіяльнае рабства. Да чаго вядзе аграрная рэформа ЕЗ? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Польская газета Wyborcza.pl разважае над матывацыяй беларускіх дыпламатычных чыноўнікаў, якіх заўважылі на ганаровых месцах падчас Фестывалю беларускай культуры, які прайшоў у гарадскім парку Беластоку. Выданне задаецца пытаннем: каго пасля канцэрту, арганізаванага БГКТ на грошы прэзідэнта Беластоку, маршала Падляшскага ваяводства і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, мусяць раздзіраць збянтэжанасць альбо сорам. «Пэўна не жыхароў Беластоку, але актывістаў Галоўнай управы БГКТ, якія не адмовіліся ад прысутнасці ў польскім горадзе консулаў Беларусі і прадстаўніка беларускай амбасады ў Варшаве? А можа сорам і збянтэжанасць павінны адчуваць у першую чаргу самы беларускія дзяржаўныя чыноўнікі, якія паводле чутак самы настаялі на сваім удзеле за кошт суудзелу ў фінансаванні імпрэзы?», – задае нязручнае пытанне аўтар матэрыялу Мацей Халадоўскі і разам з гэтым падзяляе абурэнне прадстаўнікоў беларускай дыяспары Беластоку, якія падчас фестывалю выказалі пратэст прысутнасці рэжымных чыноўнікаў і з’явіліся там з бел-чырвона-белымі сцягамі, не прызнанымі рэжымам Лукашэнкі. «Цяпер беларускія актывісты ў Польшчы не павінны прымаць дапамогу ад беларускіх чыноўнікаў, бо гэта крывавыя грошы. А вось польская дзяржава мусіць аказаць асаблівую фінансавую дапамогу колам беларускай меншасці», – падсумоўвае Wyborcza.pl.
***
Гарадскія ўлады Амстэрдаму прынеслі афіцыйныя прабачэнні за рабства і гандаль рабамі эпохі каланіялізму. Вядома, што 1-га ліпеня 1863 года рабства было адменена ў галандскіх калоніях. У мінулым Нідэрланды былі значнай каланіяльнай дзяржавай, асабліва гэта тычыцца гісторыі XVII стагоддзя. Камісія, заснаваная ўрадам, рэкамендавала прынесці прабачэнні і ад дзяржавы ў цэлым. Чатыры найбуйнейшыя горада Нідэрландаў выказаліся за тое, каб 1-ае ліпеня стаў афіцыйным святочным днём. Нідэрландская газета Handelsblad падтрымлівае дадзеную ініцыятыву. «Гандаль рабамі ажыццяўлялася не толькі з Амстэрдаму або Ратэрдаму, у яго была ўцягнутая ўся краіна. І цяперашняе пакаленне галандцаў гэта цалкам усведамляе. Памятная дата таксама стала б прызнаннем непарыўнай сувязі з былымі калоніямі: Сурынамам, Антыльскімі выспамі і Інданезіяй. У Дзень караля і Дзень вызвалення мы адзначаем яднанне і з’яднанасць галандцаў. Адмена рабства таксама была б надзвычай прыдатнай падставай для трэцяга нацыянальнага свята», – рэзюмуе нідэрландскае выданне.
***
Пасля працяглых перамоў ЕЗ узгадніў рэформу Агульнай сельскагаспадарчай палітыкі (АСП). Згодна з новаўвядзеннямі, з гэтага часу субсідыі будуць у большай ступені вылучацца на аснове выканання атрымальнікамі пэўных сацыяльных і экалагічных крытэраў. Прамыя субсідыі, якія складаюць большую частку сяльгасбюджэту, надалей павінны будуць хаця б часткова ўвязвацца з выкананнем такіх патрабаванняў. На еўрапейскую прэсу планы ўладаў асаблівага ўражання не зрабілі. «Еўрапейская аграрная палітыка ў аснове сваёй застаецца вернай старым прынцыпам», – піша нямецкая газета Deutschlandfunk. «Вялікая частка самага расходнага артыкулу бюджэту Еўрапейскага звязу проста рассейваецца з бяздоннага кошыку над мільёнамі гектараў сельскагаспадарчых плошчаў, без якіх бы там ні было ўмоваў. Бенефецыярамі падобнага становішча спраў з’яўляюцца транснацыянальныя сельскагаспадарчыя канцэрны, але зусім не фермеры, якія вырошчваюць арганічныя прадукты ці якія робяць стаўку на ўстойлівае гаспадаранне. Яшчэ больш жаліць той факт, што дасягнуты кампраміс практычна ніяк не звязаны з Еўрапейскім зялёным курсам. Няясна, як на самой справе плануецца ажыццявіць заяўленае скарачэнне выкарыстання пестыцыдаў і ўгнаенняў. Самі сабой напрошваюцца падазроныя думкі: у той час як перад прамысловасцю ўлады ставяць задачу правесці гіганцкія пераўтварэнні, сельская гаспадарка, падобна, толькі крыху спалохалася. Гэта несправядліва, а таксама пагібельна з пункту гледжання кліматычнай палітыкі», – лічыць нямецкае выданне.
«Паводле СААЗ натоўпы людзей, якія збіраюцца на стадыёнах, у пабах і барах, каб паглядзець футбольныя матчы Чэмпіянату Еўропы, выклікалі рост колькасці выпадкаў каронавірусу ў Еўропе, што ўзмацняе засцярогі з нагоды новай хвалі, хоць кампаніі вакцынацыі дасягнулі прагрэсу», – перадае амерыканская газета The New York Times. Выданне прыводзіць дадзеныя па Шатландыі, калі ў больш, чым 2 тыс. чалавек выявілі станоўчы тэст на каронавірус пасля прагляду гульні Еўра-2020 на стадыёне, у фан-зоне або ў пабе. «Прынамсі, 20 заўзятараў з Фінляндыі заразіліся пасля паездкі ў Расею, у Санкт-Пецярбург, каб паглядзець гульню сваёй каманды. У сваю чаргу французскія заўзятары пабывалі ў Румыніі, а валійская заўзятары падтрымалі сваю каманду ў Нідэрландах. У такіх краінах, як Бельгія, Вялікабрытанія і Францыя, бары адкрыліся ўсяго за некалькі тыдняў да пачатку турніру», – гаворыцца ў артыкуле, дзе падкрэсліваецца, што ў большасці еўрапейскіх краін цалкам вакцынавана менш за трэць насельніцтва, а таму рызыкі высокія. «Эксперты кажуць, што слабыя абмежаванні на паездкі на чэмпіянат па футболе могуць мець сур’ёзныя наступствы, якія выявяцца пазней – летам ці ўвосень», – адзначае амерыканская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.