Літва і Японія абмеркавалі нелегальную міграцыю з Беларусі
Нелегальная міграцыя з Беларусі стала адной з тэмаў падчас перамоваў прэм’ер-міністаркі Літвы Інгрыды Шыманітэ з кіраўніком МЗС Японіі Ташыміцу Матэгі.
Як паведаміла прэс-служба кіраўнічкі літоўскага кабінета міністраў, лукашэнкаўскі рэжым выкарыстоўвае нелегальную міграцыю ў якасці зброі. Акрамя таго, былі абмеркаваныя «выклікі, якія ствараюцца прапагандай».
Нагадаем, 2 ліпеня Літва абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з рэзкім прытокам нелегальных мігрантаў з беларускай тэрыторыі. Агульная колькасць затрыманых нелегальных мігрантаў з пачатку года дасягнула 1.098 супраць 81 за ўвесь мінулы год. Асноўная частка затрыманых — грамадзяне Іраку ці асобы, якія называюць сябе імі.
Як інфармуе памежная служба Літвы, падчас апытання нелегалы расказваюць падобныя гісторыі: нібыта вучыліся ў ВНУ Гародні, нядаўна мясцовыя ўлады павысілі плату за навучанне, іх выселілі з інтэрната і запатрабавалі пакінуць Беларусь, выбралі для міграцыі Літву, а не Польшчу, таму што Літва бліжэйшая да Гародні. Літву яны разглядаюць як транзітны пункт на шляху ў Заходнюю Еўропу.
Беларускае Радыё Рацыя