Агляд прэсы: сродкі дзеля мэты



У ізаляванай Беларусі ўсё ідзе на ўзбраенне, каб утрымаць Лукашэнку ва ўладзе. У 2024 годзе Балгарыя ўводзіць еўра. Стамбульскі канал: ці дадзены старт сумніўнаму праекту? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне The Washington Post цытуе літоўскіх чыноўнікаў у справе, калі ўлады Беларусі адкрылі мяжу краіны з Еўрапейскім звязам для гандлю людзьмі і патэнцыйнай кантрабанды наркотыкамі.

«Наколькі далёка Лукашэнка гатовы весці свае баі з Захадам, паколькі ён працягвае разбураць апазіцыю дома, дзе ключавым дзеячам апазіцыі пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі пасля закрытых працэсаў па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе альбо падбухторванні да бязладдзя. Гэта таксама сведчыць пра тое, што асноўныя прыхільнікі Лукашэнкі ў Маскве не зацікаўлены ў тым, каб утрымаць яго»,– лічыць амерыканскае выданне.

«Паколькі Лукашэнка пагражаў затапіць Еўропу мігрантамі, Беларусь перастала ахоўваць сваю мяжу і выкарыстоўвае паток шукальнікаў прытулку як інструмент ціску на ЕЗ», – адзначае амерыканскае выданне.

Пераходны ўрад Балгарыі пацвердзіў рашэнне экс-прэм’ер-міністра Барысава ўвесці з 1 студзеня 2024 года еўра ў якасці афіцыйнай валюты. Адпаведны «нацыянальны план» цяпер будзе вынесены на абмеркаванне грамадскасці. З боку ЕЗ ніякіх каментароў пакуль не было. Гарачыя спрэчкі аб тым, ці не пара ўводзіць еўра, вядуцца ў Балгарыі ўжо даволі працяглы час. Праходзяць дыскусіі і на старонках мясцовай прэсы.

Балгарская газета fakti.bg не на жарт засцерагаецца, што шкоды будзе больш, чым карысці.

«Адмова ад нацыянальнай валюты і страта суверэнітэту нанясуць шкоду балгарскай эканоміцы і краіне ў цэлым. Да чаго такая спешка? Еўразона назаўсёды прыкуе Балгарыю да рамачнага канструкту ЕЗ і пазбавіць краіну любой магчымасці манеўру», – адзначае балгарскае выданне.

 У Турцыі закладзены першы камень першага мосту ў рамках запланаванага праекта канала Стамбул. Згодна з планам, паралельна Басфорскаму праліву, павінен быць пабудаваны 45-кіламетровы канал, які злучыць Чорнае і Мармуровае мора. Праціўнікі праекта ўказваюць на тое, што будаўніцтва канала нанясе сур’ёзны ўрон экалогіі. У сваю чаргу ўлады заяўляюць, што новы канал дасць магчымасць зменшыць нагрузку на перагружаны Басфор, і тым самым знізіць колькасць аварый. Колькасць судоў, якія праходзяць праз Басфорскі праліў, ужо на працягу шэрагу гадоў зніжаецца, аднак узрастаюць іх танаж і габарыты.

«Cцвярджэнне Эрдагана пра тое, што праз Басфорскі праліў праходзіць усё больш грузавых судоў, не адпавядае рэчаіснасці», – адзначае турэцкае выданне T24.

«З 2007 года колькасць судоў, якія праходзяць праз праліў, няўхільна скарачаецца. Прэзідэнт або ўведзены ў зман, альбо трымае нас за дзяцей малых, і спрабуе падмануць. Да грошай, якія мы плацім за масты, па якіх ніхто не ездзіць, дададуцца яшчэ і грошы за караблі, якія не праходзяць пад мастамі», – рэзюмуе турэцкае выданне.

670 смерцяў у дзень: паказнік смяротнасці ад каронавірусу узляцеў у Расеі да нябёсаў. Шмат у чым гэта тлумачыцца з’яўленнем новага штаму вірусу – так званага «дэльта-варыянту». За выключэннем некаторых абмежаванняў на межах, у краіне ўжо год як не прымаецца ніякіх мераў, накіраваных на стрымліванне крывой заражэнняў. Вакцынацыя прасоўваецца са скрыпам: на сёння ў Расеі цалкам прышчэплена ўсяго толькі дванаццаць адсоткаў насельніцтва.

«Краіну чакаюць цяжкія месяцы», – папярэджвае ірландская газета The Irish Times.

«У Расеі, як, уласна, усюды, адзіны спосаб засцерагчы сябе – гэта прайсці вакцынацыю. Запасаў прышчэпачных дозаў у Расеі, якая мае ў распараджэнні ажно чатыры вакцыны ўласнай вытворчасці, больш чым дастаткова. Тым не менш, людзі ў масе сваёй пакуль не праяўляюць асаблівай цікавасці. Афіцыйная колькасць памерлых ад каронавірусу – 126 000 чалавек. Аднак высокі ўзровень залішняй смяротнасці кажа пра тое, што фактычная колькасць ахвяр COVID-19 нашмат вышэй. Без рэзкага павышэння гатовасці людзей прайсці вакцынацыю Расею чакае доўгае і цяжкае лета», – лічыць ірландскае выданне і непакоіцца за суседнія з Расеяй краіны.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка