Пра адпачынак
А чаго вы чакалі? Адмяняць абмежаванні на выезд ніхто не збіраецца. А гэта азначае, што тысячы беларусаў застануцца без адпачынкаў на моры. А яшчэ нядаўна Міністэрства аховы здароўя падаравала надзею суайчыннікам тым, што рэкамендавала ўраду зняць абмежаванні на выезд. І ўсё адразу падумалі: а раптам. А раптам беларусам сапраўды дазволяць выязджаць. Хтосьці пачаў уяўляць, як паедзе ўласным аўто ў кірунку Адэсы. Хтосьці падумаў, як зробіць прышчэпку ў Польшчы і зноў будзе вандраваць бесперашкодна па Еўропе. Хтосьці пачаў марыць пра наведванне Літвы. Аднак надзея была дарэмнай.
Міністэрства аховы здароўя заявіла грамадзянам, што адмяняць абмежаванні на выезд не збіраецца. Маўляў, кавід і ўсё такое. Нібыта абмежаванні на ўезд і выезд былі прынятыя з улікам рэкамендацый СААЗ. Праўда, чамусьці ў іншых краінах ёсць толькі абмежаванні на ўезд для замежнікаў. А выязджаць грамадзянам – не праблема. І толькі ў Беларусі выехаць наземным транспартам практычна немагчыма. Толькі падаецца, што кавід тут зусім ні пры чым. Ну, вы самі разумееце, якая сапраўдная прычына. Затое цяпер пандэміяй улады тлумачаць усе забароны. Забараняюць перадачы ў ІЧУ і СІЗА прымаць – прычына ў каронавірусе. Забараняюць выехаць – таксама прычына ў злашчаснай кароне. Затое розныя дзяржаўныя святы ніякае Міністэрства аховы здароўя не забараняе. Тут чамусьці на пандэмію забываюцца.