Паклёп на генпракурора каштуе дорага
У Менскім раённым судзе 6 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе 47-гадовай жыхаркі Бараўлян Наталлі Красько. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа (арт.188 КК РБ).
Справу разглядаў суддзя Антон Колабаў.
З матэрыялаў следства вынікае, што Красько, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона, у публічным чаце „Кулуары KYKY”, пад постам аб узмацненні адказнасці за экстрэмізм 1 лютага напісала, што “генеральны пракурор – злачынец”. Тым самым распаўсюдзіла несапраўдныя звесткі. Яе неўзабаве затрымалі, у кватэры правялі ператрус, шукалі “стужачкі, сэрцайкі, кветачкі”.
Андрэй Швед ацаніў памер маральнай шкоды ў 10 000 рублёў. Просіць пералічыць грошы ў школу-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў.
Суму кампенсацыі суд знізіў на 1 тысячу — цяпер Красько мусіць сплаціць Андрэю Шведу 9 тысяч рублёў.
Прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.