Пра тое, чым небяспечная “дапамога” Пуціна



Шэраг незалежных СМІ апублікавалі інфармацыю пра зварот да Уладзіміра Пуціна ад грамадзянкі РФ, беларускі па паходжанні, Анжалікі Агурбаш. Усе СМІ пры публікацыі паведамлення пра “зварот” спасылаліся на расейскі партал news.ru. Пазней, калі ў Беларусі ўзнялася хваля абурэння зваротам да расейскага правадыра, Анжаліка Агурбаш у каментарах заявіла, што нібыта не пісала ніякага звароту, але абавязкова звернецца да Пуціна пры магчымасці.

У самім звароце, як заўважае публіцыст Алесь Пашкевіч, ніякай “здрады” асабліва няма. Спявачка не заклікае расейскага прэзідэнта “ўвесці войскі”, як тое рабілі, напрыклад, некаторыя жыхары Данбасу. У выніку, “заступніцтва” Пуціна каштавала жыхарам Данбаса вайны, якая не спыняецца дагэтуль. Але сам факт просьбы да гаспадара Крамля – сімптаматычны і небяспечны. Сімптаматычны, бо знявераныя беларусы, якія год самаахвярна змагаюцца з айчынным аўтарытарызмам, перасталі спадзявацца на ўласныя сілы. Небяспека ад звароту да ўладара РФ заключаецца ў відавочнай легітымізацыі знешняга ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. У адрозненне ад Захаду, які зацікаўлены ў захаванні суверэннай і незалежнай Беларусі, Расейская Федэрацыя мае дыяметральна супрацьлеглыя мэты. Таму звароты ў стылі “Пуцін, дапамажы” могуць мець зусім не тыя наступствы, на якія спадзяюцца іх аўтары. Прырода расейскай улады практычна нічым не адрозніваецца ад таго, што беларусы назіраюць у сваёй краіне за ўвесь перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі няма хіба што тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў і нашыя вайскоўцы сябе не заплямілі ў знешніх канфліктах. Аднак у сферы правоў чалавека Беларусь і Расея – сіямскія блізняты. Кіраўніцтва абедзьвюх краінаў лічыць сам інстытут “правоў чалавека” штучнай вынаходкай падступнай Еўропы, якая выкарыстоўвае “правы чалавека” як прэтэкст для ўмяшальніцтваў. Адпаведна, заклікі да расейскага кіраўніцтва адносна абароны беларускіх грамадзянаў ад сваволля ўладаў – дзеянне, мякка кажучы, неразумнае. Акрамя дыскрэдытацыі саміх заяўнікаў, нічога добрага для беларусаў такі наіўны зварот не прынясе.

Матывы звароту грамадзянкі РФ Анжалікі Агурбаш да Уладзіміра Пуціна цалкам зразумелыя, паколькі беларуская дзяржава актывізавала высілкі па экстрадыцыі спявачкі ў Беларусь за яе вострыя выказванні на адрас кіраўніцтва краіны. Такім чынам, звяртаючыся да Пуціна, спявачка спрабуе абараніць сябе, што ў прынцыпе зразумела. Аднак такі зварот мае мала супольнага з інтарэсамі незалежнай беларускай дзяржавы. Больш за тое, беларускае грамадства ўнутры краіны мае досыць кансалідаваную пазіцыю адносна таго, што менавіта пазіцыя Крамля ў крытычны для рэжыма момант у жніўні 2020 года сыграла вырашальную ролю ў жорсткіх дзеяннях сілавікоў. Далей на вачах беларусаў расейская ўлада аказала ўсебаковую падтрымку рэпрэсіўным дзеянням кіраўніцтва Беларусі. Для многіх такая пазіцыя Масквы стала халодным душам. Нягледзячы на тактычную перамогу ўлады, РФ згубіла падтрымку сярод беларускіх прыхільнікаў пераменаў, перамога якіх – справа часу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ