Пара закаханых вымушана з’ехала з Віцебску праз міліцэйскі пераслед



3-га ліпеня міліцыянты прыйшлі з ператрусам у кватэру 30-гадовага віцябляніна Кірыла Бародзіча, дзе ён жыў разам са сваёй дзяўчынай, вядомай у Віцебску грамадскай актывісткай Станіславай Цярэнцьевай.

Хлопцу было заяўлена, што ў яго будуць шукаць доказы ягонай датычнасці да падрыхтоўкі выбуху ў Вілейцы. Пра тое, што “атрады самаабароны” спрабавалі падарваць вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расеі, 2-га ліпеня заявіў Аляксандр Лукашэнка на сходзе ў гонар Дня Незалежнасці. Міліцыянты адразу зацікавіліся аргтэхнікай, распавёў Кірыл Бародзіч:

 – У мяне быў адчынены тэлеграм-канал “Отряд гражданской самообороны”, яны адразу знайшлі, што шукалі. Сказалі, каб нічога не чапаў… Я быў падпісаны на яго з лістапада – падпісаўся, як і на ўсё, каб быць у курсе падзеяў. Тэлевізар жа маўчыць, вось і пачынаеш падпісвацца на ўсё.

 Міліцыянтаў дужа цікавіла грамадская дзейнасць Станіславы Цярэнцьевай. Яны забралі яе кампутар, які збіраюцца накіраваць на экспертызу ў Менск, распавяла дзяўчына:

– Ператрус ішоў гадзіны тры. Забралі мой кампутар, яшчэ адзін кампутар, які быў ужо непрацоўны, флэшкі, якія знайшлі.  Быў у нас бел-чырвона-белы сцяжок, яго таксама забралі. Вельмі шмат распытвалі пра маю грамадскую дзейнасць. Мае нататнікі, хоць і не забіралі, але сфатаграфавалі. Карацей, залезлі, куды толькі змаглі.

 Станіславу Цярэнцьеву пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў неаднаразова затрымлівалі і каралі за ўдзел у мірных пратэстах, пацярпелі ад пераследу і яе родныя сёстры, Караліна і Сафія. Кірыла Бародзіча пасля ператрусу дапыталі ў КДБ. Падрабязнасці допыту хлопец абяцае распавесці пазней, калі ён і Станіслава Цярэнцьева будуць пачувацца ў бяспецы. Зараз яны з’ехалі з Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск