Еўразвяз патрабуе неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі і ўсіх палітвязняў у Беларусі



Еўрапейскі звяз патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Віктара Бабарыкі і ўсіх палітвязняў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Петэра Стана ў сувязі з вынясеннем 6 ліпеня прысуду былому старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” і прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта Віктару Бабарыку.

„Віктара Бабарыка сёння прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўлення волі. Ён утрымліваўся пад вартай з 18 чэрвеня 2020 года з адзінай прычыны — спрабаваў рэалізаваць сваё палітычнае права балатавацца ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года, — адзначыў Стана. — Гэты прысуд з’яўляецца адным з па меншай меры 125 несправядлівых і адвольных прысудаў беларускіх судоў падчас палітычна матываваных судовых працэсаў, якія часта праводзяцца за зачыненымі дзвярыма і без выканання належнай прававой працэдуры”.

Стана падкрэсліў, што ў Беларусі налічваецца больш за 530 палітвязняў, задакументаваныя сотні выпадкаў катаванняў, працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства з мэтай задушыць любое іншадумства, працягваецца жорсткае абыходжанне з затрыманымі. „Рэжым Лукашэнкі відавочна парушае міжнародныя правы чалавека, якія ён абавязаўся выконваць. Нядаўна гэта пацвердзіла і спецдакладчык ААН па Беларусі”, — адзначыў прадстаўнік ЕСЗД.

Ён заявіў: „ЕЗ патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення спадара Бабарыкі, а таксама ўсіх палітычных зняволеных, затрыманых журналістаў і людзей, якія знаходзяцца за кратамі за ажыццяўленне сваіх асноўных правоў. Рэжым павінен спыніць рэпрэсіі і несправядлівасць і прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

Паводле слоў Стана, Еўразвяз працягне намаганні па прыцягненні да адказнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. „ЕЗ таксама працягвае заклікаць да ўсёабдымнага і сапраўднага палітычнага дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці пры садзейнічанні АБСЕ, які вядзе да новых свабодных і справядлівых выбараў, — сказаў ён. — Сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека маюць сваю цану. З кастрычніка мінулага года ЕС паступова ўводзіў абмежавальныя меры ў адказ на працяг запалохвання і жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў. ЕЗ гатовы разгледзець далейшыя меры”.

Прысуд Бабарыкі таксама пракаментавалі паслы Вялікабрытаніі і ЗША.

Амерыканскае пасольства, у прыватнасці, заявіла: „Жорсткая фальшывасць судовай сістэмы Беларусі дэманструецца сёння прысудам Віктару Бабарыку, які паказвае, што рэжым Лукашэнкі не спыніцца ні перад чым, каб захаваць уладу”.

„Сёння дыпламаты з Вялікабрытаніі, ЗША і ЕЗ прысутнічалі на судзе над Віктарам Бабарыкам, — гаворыцца ў заяве на старонцы пасольства Вялікабрытаніі ў „Фэйсбуку”. — Яго прысуд у выглядзе 14 гадоў турэмнага зняволення — яшчэ адзін сумны момант для вяршэнства закона ў Беларусі. Вялікабрытанія будзе працягваць адстойваць правы Віктара Бабарыкі і іншых людзей, якія знаходзяцца ў турме па сфабрыкаваных палітычных абвінавачваннях”.

belapan.by