Зэльвенцы адзначылі Купалле



На зэльвенскае Купалле наш карэспандэнт трапіў тады, калі яно толькі  распачыналася. На беразе Зэльвенскае вадасховішча загадзя былі падрыхтаваныя сцэна для мясцовых артыстаў, а на гарадскім пляжы стаяў стажок з бярвенняў для кастра.

Вечарам зэльвенцы паціху збіраліся на беразе возера, дзе іх чакалі розныя дзіцячыя забаўкі, гандаль і музыка.

А потым на сцэну выйшлі зэльвенскія артысты і спявалі розныя песні, запрашаючы да сябе ўсіх тых, хто прыйшоў на Купалле. Стаяла цёплае і ціхае надвор’е, таму зэльвенцаў было шмат. А ў гэты час некаторыя купаліся ў цёплай вадзе вадасховішча і радаваліся песням, якія гучалі на ўсё наваколле.

Позна вечарам, калі сонейка схавалася за далягляд, запалілі купальскі касцёр з надзей, што праз год усе зноў збяруцца на беразе вадасховішча здаровыя, але намнога шчаслівейшыя, чым сёння.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара