СПЧ прапануе працягнуць мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі



Мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн прапануецца працягнуць яшчэ на год. Адпаведная ініцыятыва змяшчаецца ў праекце рэзалюцыі па Беларусі, які апублікаваны на сайце Савета ААН па правах чалавека (СПЧ). Згодна з дакументам, СПЧ просіць спецдакладчыка працягваць сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і падрыхтаваць даклады да 50-й сесіі Савета і 77-й сесіі Генасамблеі ААН (пройдуць у 2022 годзе).

У праекце рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды „неадэкватнага адказу і адсутнасці супрацоўніцтва з боку ўладаў Беларусі” у сувязі з раней прынятымі СПЧ рэзалюцыямі і рэкамендацыямі па Беларусі, уключаючы просьбу аб допуску краінавага спецдакладчыка.

Зноў прагучаў заклік да ўладаў Беларусі стварыць нацыянальную праваабарончую ўстанову (інстытут омбудсмена). СПЧ глыбока заклапочаны ў сувязі з захаваннем смяротнага пакарання ў краіне і рэкамендуе яе адмяніць.

Беларускае Радыё Рацыя