Мінюст пачаў пазапланавую праверку Згуртавання „Бацькаўшчына”



Міжнародная грамадская арганізацыя «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”» 6 ліпеня атрымала ліст Міністэрства юстыцыі з паведамленнем аб пачатку правядзення «кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнні дзейнасці [арганізацыі] на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута».

Дакументы за апошнія тры з паловай гады, пералік назваў якіх займае аж тры старонкі, неабходна прадаставіць у Міністэрства да 13 ліпеня. Асноўная частка дакументаў тычыцца працы выбарных органаў Згуртавання, але ёсць і такі пункт: «документы, касающиеся организации МОО ЗБС „Бацькаушчына” школ, курсов по изучению белорусского языка, культуры и истории Беларуси». Відаць, ён выкліканы адной з асноўных мэтаў, замацаванай Статутам: «спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі».

Раней пазапланавая праверка распачалася ў дачыненні да іншых грамадскіх арганізацый — РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», «Руху за Свабоду».

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» заснавана ў 1990 годзе, зарэгістравана ў 1991 (сёлета, у снежні, будзе трыцаць гадоў з даты афіцыйнага пачатку дзейнасці), супрацоўнічае з беларускай дыяспарай болей чым з 20 краін свету, спрыяе захаванню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжванню сувязяў паміж Беларуссю і яе суайчыннікамі. Дзякуючы шматгадовым захадам Згуртавання, у 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа». «Бацькаўшчына» неаднаразова выходзіла з прапановамі ў дзяржаўную праграму і іншыя заканадаўчыя акты па наладжванні эфектыўнага супрацоўніцтва з беларускім замежжам і выкарыстання яго магутнага патэнцыялу ў развіцці краіны. Адным з самых значных і пазнавальных мерапрыемстваў Згуртавання ёсць З’езды беларусаў свету МГА «ЗБС «Бацькаўшчына». Важным накірункам аб’яднання з’яўляецца навукова-даследчы. У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачылі свет 50 кніг, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларусаў замежжа.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»