У Гомелі пачаўся новы суд над прызнаным палітвязнем 17-гадовым Мікітам Залатаровым
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 7 ліпеня пачаўся суд над непаўналетнім палітвязнем Мікітам Залатаровым.
Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 года — на той момант яму было яшчэ 16 гадоў. Пасля яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі за „масавыя беспарадкі” і незаконныя дзеянні з гаручымі рэчывамі — нібыта ён кінуў у бок сілавікоў бутэльку з „кактэйлем Молатава”. Бацька палітвязня кажа, што сын хварэе на эпілепсію і распавядаў, што яго білі падчас утрымання ў СІЗА.
Залатароў абвінавачваецца ў нападзе на канваіраў у гомельскім СІЗА, дзе ўтрымліваецца яшчэ са жніўня. Згодна матэрыяламі справы, 21 сакавіка Залатароў, будучы ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў установы і прайсці ў камеру. Два канваіры ўжылі да яго фізічную сілу і вывелі ў калідор. Там зняволены зрабіў падножку аднаму з канваіраў, і калі той упаў, Залатароў схапіў яго за валасы і шыю. Таксама, паводле версіі следства, падлетак выказваў пагрозы гвалту ў адрас супрацоўніцы СІЗА.
Працэс вядзе суддзя Віктар Казачок, дзяржабвінаваўца — Раман Грамыка. Паводле слоў прысутных на судзе, для пасяджэння выдзелілі залу малой умяшчальнасці, з-за чаго не ўсе ахвотныя змаглі трапіць на працэс.
Пацярпелыя на судзе сцвярджалі, што пасля паломкі сантэхнікі ў камеры Залатарова ён правёў ноч у кабінеце псіхолага. Раніцай ён адмовіўся вяртацца ў непрыбраную камеру і канфліктаваў з супрацоўнікамі СІЗА. Тады яны ўжылі да яго фізічную сілу. Паводле слоў канвойных, Залатароў наносіў ім удары, хапаў за валасы, а ў адрас супрацоўніцы СІЗА выказваў пагрозы: „Калі вызвалюся — спалю!”.
Залатароў віну прызнаў, але адзначыў, што гэта быў не напад, а супраціў, абумоўлены яго эмацыйным станам. „Я амаль два месяцы правёў у адзіночцы, а ў мяне эпілепсія. Я баюся заставацца адзін. Хто мне дапаможа, калі ў мяне будзе прыступ? З-за таго, што я сяджу „па палітыцы”, да мяне дрэннае стаўленне з боку супрацоўнікаў. Яны адводзяць мяне ад камер назірання ў СІЗА і б’юць”, — заявіў непаўналетні.
8 ліпеня адбудуцца судовыя спрэчкі.