Вінцуку Вячорку — 60!



Вінцук Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 года ў Берасці. Бацька быў памочнікам Першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі П. М. Машэрава, затым — намеснікам старшыні Дзяржплана БССР.

З 1975 жыве ў Менску. Скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці беларуская і руская мова і літаратура (1983), аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР (1986). Працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1988 — журналіст, з 1990 — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя, з 1.1.1991 — супрацоўнік, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».

З 1979 года актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусі. Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў (1988—1989). У 1979—1985 гг. браў удзел у дзейнасці самвыдавецкай суполкі «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 г. быў адным з заснавальнікаў Клуба імя У.Караткевіча. У 1986—1990 гг. уваходзіў у групу «Незалежнасць». З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навін БНФ „Адраджэньне“».

Адзін з заснавальнікаў БНФ (член Аргкамітэта, 1988), узначальваў Камісію праграмных дакументаў, член Сойма. Намеснік старшыні БНФ (1995—1999), старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007). Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ. Стваральнік і кіраўнік няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра «Супольнасць» (з 1995). Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999—2000). Выступае ў беларускім і замежным перыядычным друку па грамадска-палітычных пытаннях.

З 9 чэрвеня 2020 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

lit-bel.org