Васіля Палякова вінавацяць у „тэрарызме” (абноўлена)
Гомельскага грамадскага дзеяча Васіля Палякова вінавацяць паводле “тэрарыстычнага” артыкула. Палітыка пасля ператруса адвезлі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання. Уладзімір Кацора распавядае апошнюю інфармацыю пра свайго паплечніка:
– Дома ў Палякова Васіля Паўлавіча быў вобшук. Прысутнічаў яго сын. Забралі ўсю тэхніку, якая яшчэ заставалася, бо быў ператрус у студзені. Зараз забралі ўсё да апошняга тэлефона. Вядома стала ад сына і жонкі, што яго затрымалі, потым ён патэлефанаваў гадзін праз пяць, што яму інкрымінуюць нейкі крымінальны артыкул. Можа жонка не зусім добра зразумела, было дрэнна чуваць, але 293 – „падрыхтоўка тэрарыстычнага акта”.
Стала вядома таксама пра ператрус і затрыманне гомельскага валанцёра Іллі Міронава, які таксама дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.
* * *
У Гомелі затрыманы палітык і грамадскі дзеяч Васіль Палякоў. Пра гэта паведамляюць ягоныя паплечнікі са спасылкай на родных затрыманага. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на кватэры ў Васіля Палякова быў праведзены ператрус, сілавікі канфіскавалі сродкі сувязі і носьбіты інфармацыі. Ані прычына затрымання, ані падстава для правядзення аператыўных дзеянняў, на гэты момант не вядомыя.
Васіль Палякоў – настаўнік гісторыі ў мінулым, экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На выбарах у 2020 годзе ўдзельнічаў у назіранні, неаднойчы праследаваўся і адбываў арышты за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя