Літоўскі прэм’ер: Украіна адмовілася закупляць вырабленую на БелАЭС электраэнергію



Украіна адмовілася ад куплі электраэнергіі, што выпрацоўваецца Беларускай АЭС, паведаміла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце на сумеснай прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Дзянісам Шмыгалем 8 ліпеня ў Вільні ў межах 4-й міжнароднай канферэнцыі па пытаннях рэформаў ва Украіне.

„Я лічу, што трэба падзякаваць спадару прэм’ер-міністру за падтрымку, бо Украіна адмовілася закупляць электраэнергію з боку Беларускай атамнай электрастанцыі, — цытуе Шыманіце ўкраінскае інфармагенцтва УНІАН. — Таму мы спадзяемся, што Украіна будзе працягваць рэалізацыю „зялёнага” курсу, які быў запушчаны ў Еўрапейскім саюзе, і гэтыя дзеянні ў далейшым змогуць зрабіць свой унёсак у доўгатэрміновыя і пастаянныя рашэнні, каб прадухіляць доступ такіх небяспечных пастаўшчыкоў [электраэнергіі, як БелаАЭС], а наадварот, пераходзіць на еўрапейскі рынак”.

Варта адзначыць, што ў аб’яднанай энергасістэме Беларусі не сепаруюць электраэнергію, якая вырабляецца рознымі энергакрыніцамі. Гэта значыць, што патэнцыйны імпарцёр дакладна не ведае, на якой беларускай станцыі і якога тыпу была згенераваная набытая ім электрычнасць.

26 траўня Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энергетыкі і камунальных паслуг, прыняла пастанову „Аб доступе да прапускной здольнасці міждзяржаўных перасекаў”, якой забараніла імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі да 1 кастрычніка. У той жа дзень Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што пастаўкі беларускай электраэнергіі на ўкраінскі рынак „былі нязначныя”, таму „прынятыя Украінай меры наўрад ці можна назваць адчувальнымі для беларускага боку”.

Літоўскі міністр энергетыкі Дайнюс Крэйвіс на сустрэчы з украінскім калегам Германам Галушчанкам 7 ліпеня ў Вільні заявіў, што Літва вітае рашэнне энергетычнага рэгулятара Украіны забараніць да 1 кастрычніка імпарт беларускай і расійскай электрычнасці і выказаў надзею, што гэтыя забарона працягне дзейнічаць і пасля названай даты.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекта ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае Інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Літва, якая раней была найбуйнейшым пакупніком электраэнергіі з Беларусі, у пачатку лістапада 2020 года на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць наўпростых камерцыйных паставак беларускай электрычнасці. У Вільнюсе перакананыя, што станцыя небяспечная, а сам праект з’яўляецца „геапалітычнай зброяй”. Беларусь усе прэтэнзіі адхіляе.

Нягледзячы на заканадаўчую забарону на пастаўку электраэнергіі з Беларусі, у Літве сцвярджаюць, што яна паступае на рынак краін Балтыі цераз Латвію — з Расіі і пад выглядам расійскай. Літоўскія палітыкі мяркуюць, што гэтаму спрыяе недасканалая метадалогія гандлю электрычнасцю з Расіяй, якая дзейнічае ў Латвіі і Эстоніі.

Фактычна гэтыя асцярогі Літвы пацвердзіў на прэс-канферэнцыі 10 чэрвеня пасол РФ у Беларусі Яўген Лук’янаў. „Цераз Латвію беларуская генераваная энергія трапляе ў Літву. Нацыянальнае паходжанне электраэнергіі разабраць немагчыма. Таму, нягледзячы на ўсе гэтыя крыкі, ідзе туды недружалюбная электраэнергія. Пакуль не адмаўляюцца”, — заявіў дыпламат.

belapan.by