На Берасцейшчыне ператрусы ў прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ



Пра гэта паведамляюць мясцовыя Telagram-каналы.

Падрабязней пра тое, што адбываецца ў Берасці, распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Сёння адбываецца нешта падобнае да таго, што было 16-га  лютага, калі па ўсёй краіне адбываліся ператрусы і пагромы ў праваабаронцаў. Сёння ўлады пачалі другі віток рэпрэсій. Гэтым разам рэпрэсіі скіраваныя супраць СМІ, ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы. Канешне, гэта закранула нашы найбольш чытаемыя выданні – “Брэсцкую газету”. Сярод яе супрацоўнікаў затрымалі некалькі чалавек. Даходзяць звесткі, што паехалі да Людмілы Селех, што затрымалі Аляксандру Гаўрусік.

У сваю чаргу па інфармацыі тых жа  Telagram-каналаў, у рэдакцыю баранавіцкага выдання «Intex-press» таксама прыйшлі з ператрусам. «Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы. Людзей будуць забіраць і дапытваць, і тым часам рабіць ператрусы па хатах, а пасля ўвечары ўсіх адпусцяць. Хаця не выключаю, што нехта застанецца там надаўжэй», – падсумаваў Уладзімір Вялічкін.

Беларускае Радыё Рацыя