Пра чорны дзень для беларускай прэсы 



Чацвер, 8 ліпеня 2021 года, дакладна ўвойдзе ў гісторыю. Адразу ў некалькіх рэгіёнах краіны прайшлі затрыманні і ператрусы ў грамадзянаў, якія не хавалі сваёй пазіцыі адносна палітычнай сітуацыі. Паралельна з гэтым у шэраг рэдакцый недзяржаўных выданняў прыйшлі ўладаахоўнікі. Сярод СМІ, якія гэтым разам трапілі пад зачыстку, – рэгіянальныя парталы (“Брэсцкая газета”, баранавіцкае выданне Intex-press, аршанскі партал Orsha.eu), а таксама адно з флагманскіх выданняў – “Наша Ніва”. Усе гэтыя СМІ да апошняга спрабавалі працаваць для беларускай аўдыторыі легальна, фізічна знаходзячыся ў Беларусі. Гэта другі па моцы ўдар па медыйным сектары пасля знішчэння парталу TUT.BY. Некалькімі днямі раней улада пазбавіла акрэдытацыі карпункт “Еўрарадыё”. Афіцыйны Менск дэманструе ўсяму свету і ўласным грамадзянам, што не спыніцца ні перад чым у пытанні захавання ўлады. Калі на кану выжыванне сістэмы, усе сродкі добрыя. 

Калі некалькі месяцаў таму ўлада атакавала найпапулярнейшы партал TUT.BY, было відавочна, што кіраўніцтва краіны помсціць за прабуксоўку дзяржаўнай ідэалагічнай машыны. Калі ўзяліся за “Нашу Ніву”, стала зразумела, што так званая ўлада вырашыла пакінуць пасля сябе выпаленую зямлю.

Адноўленая ў 1990-х “Наша Ніва” – не проста важнае выданне для сваёй беларускамоўнай аўдыторыі, а газета, якая фармавала парадак дня і ўплывала на светапогляд чытачоў. Можна колькі заўгодна крытыкаваць новую рэдакцыйную палітыку выдання, якое, адмовіўшыся ад “элітарнасці”, публікавала часта тэмы, якія прыцягвалі вялікую колькасць чытачоў. Але сам факт паспяховасці СМІ наўрад ці хтосьці, нават крытыкі, будзе аспрэчваць. І, што найважнейшае, інфармацыю нашаніўцы рыхтавалі прынцыпова па-беларуску, давёўшы тым самым, што поспех не залежыць ад заігрыванняў з рускамоўнай аўдыторыяй.

Пралічваць эканамічныя наступствы ад знішчэння найбуйнейшага беларусацэнтрычнага парталу, як тое спрабавалі рабіць эксперты пасля разгрому TUT.BY, не мае асаблівага сэнсу. У дадзеным выпадку мы бачым, што дзяржава канчаткова сарвала маску, паказаўшы сваё антыбеларускае аблічча. А гэта азначае адно. У бліжэйшыя месяцы перад беларускім грамадствам паўстануць сур’ёзныя выклікі, звязаныя з захаваннем незалежнасці і суверэнітэту краіны.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ