Прысуды берасцейскім блогерам Пятрухіну і Кабанаву ўвайшлі ў сілу, іх адпраўляюць у калоніі
Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальнення апеляцыйныя скаргі асуджаных на тры гады зняволення блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.
Неўзабаве палітвязняў адправяць у месцы адбывання пакарання: Кабанава — у папраўчую калонію № 1 у Наваполацку (Віцебская вобласць), Пятрухіна — у калонію № 3 („Віцьба”) пад Віцебскам.
Пакуль яны застаюцца ў следчым ізалятары Магілёва. На волю павінны выйсці праз паўтара года. Адзін дзень, праведзены імі пад вартай ад моманту затрымання да разгляду апеляцыі, адпавядае 1,5 дня ў калоніі.
На разглядзе апеляцый абвінавачаных не было. Хадайніцтва аб прысутнасці Кабанава судовая калегія не задаволіла. Інтарэсы абвінавачаных выклалі адвакаты Галіна Азоліна і Ірына Тачкар. У сваіх выступах яны акцэнтавалі ўвагу на шэрагу парушэнняў нормаў працэсуальнага права, дапушчаных судом Кастрычніцкага раёна Магілёва. На іх думку, неабгрунтаванае выдаленне падабаронных з судовага пасяджэння да канца працэсу не дазволіла ўсебакова разгледзець справу і пазбавіла абвінавачаных законнага права на абарону. Адвакаты паказалі, што суд не дапытаў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых асоб, якія фігуруюць у справе, і гэта таксама не дазволіла ўсебакова яе разгледзець. На думку абаронцаў, высновы суда не адпавядаюць матэрыялам справы. Яны папрасілі спыніць вытворчасць па справе, а прысуд — адмяніць.
Паводле абвінавачання, Пятрухін і Кабанаў у змове з Ціханоўскім і Статкевічам „ажыццяўлялі ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасць у стварэнні напярэдадні выбараў 2020 года грамадска-палітычнай напружанасці”, рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэстнага руху пад выглядам пікетаў, збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У абвінавачанні гаварылася, што блогеры рэалізоўвалі стратэгію Статкевіча па змене ўлады. Іх дзеянні прывялі да перашкоды працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў, а наступствы адчуваліся нават пасля іх затрымання.
Прадстаўнік абвінавачвання назвала апеляцыйныя скаргі падсудных і довады адвакатаў неабгрунтаванымі. Віна Кабанава і Пятрухіна, паводле яе слоў, даказаная матэрыяламі справы, а абвінавачанне кваліфікаванае слушна.
14 красавіка суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў Кабанава і Пятрухіна вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса), і абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухін асуджаны таксама за абразу суддзі Берасцейскага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).
Блогеры павінны выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле звестак следства, абразіла іх публікацыя ў сацыяльных сетках.
Віны ў інкрымінаваных злачынствах падсудныя не прызналі, аднак растлумачыць сваю пазіцыю на судзе ім не ўдалося. З першага судовага пасяджэння іх выдалілі з залы за парушэнне парадку і больш не дазволілі прысутнічаць на працэсе, нават выступіць з апошнім словам. Прадстаўнік абвінавачвання назвала выдаленне падсудных абгрунтаваным.
Адвакаты Пятрухіна і Кабанава настойвалі, што іх віна не даказаная і грунтуецца на меркаваннях. На разглядзе справы ў раённым судзе яны сцвярджалі, што падабаронныя дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, і заклікалі суддзю Вольгу Краўчанку „прыняць апраўдана адважнае і законнае рашэнне з вынясеннем апраўдальнага прысуду”.