У рэгіёнах працягваюцца затрыманні і вобшукі ў журналістаў



Амаль тры гадзіны праходзіў вобшук у журналіста тэлеканала „Белсат” Дзмітрыя Казакевіча ў Віцебску. Яго праводзілі супрацоўнікі Першамайскага РАУС у рамках справы паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). Як паведаміў Казакевіч, „справу завялі супраць невядомага чалавека, які нібыта ўзвёў паклёп на міліцыянера з Лепеля. І нібыта інфармацыя пра гэтага чалавека магла быць у мяне”. З кватэры журналіста забралі ноўтбукі, два фотаапараты, бел-чырвона-белы сцяжок. Падчас вобшуку журналіста не было дома.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, глыбоцкага журналіста Дзмітрыя Лупача сілавікі забралі з санаторыя „Пліса”, дзе ён адпачываў. Паводле слоў жонкі журналіста, перад гэтым прадстаўнікі сілавых структур прыязджалі да Лупача дадому. Куды павезлі журналіста, пакуль невядома.

У Бабруйску прайшоў вобшук дома ў журналісткі Алесі Лацінскай, якая супрацоўнічае з рэсурсам bobr.by, яе павезлі ў КДБ. Як паведамлялася, гэтай раніцай перастаў адкрывацца сайт „Нашай Нівы”. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэнне аб блакаванні сайта nn.by „на падставе паведамлення Генпракуратуры». У рэдакцыі выдання ў Менску, офісе бухгалтэрыі і дома ў супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Аператыўныя дзеянні праводзяцца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Беларускае Радыё Рацыя