Гарадзенцам прадставілі альбом пра народныя ручнікі
У Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі на суд гарадзенцаў прадстаўлены польска-беларуска-ангельскі альбом пра ручнік „Народны ручнік ваколіц Бельска-Падляшскага. Вышыўка і карункі”, які быў створаны ў музеі ў Бельску-Падляшскім, які з’яўляецца аддзелам Падляшскага музею ў Беластоку.
Прэзентацыя альбома адбывалася ў электронным выглядзе, а сцены залі былі ўпрыгожаны ручнікамі з калекцыі гарадзенскага музея. Пра тое, як паўставаў гэты альбом, распавядае Аліна Дэмбоўска, кіраўнік Музея ў Бельску-Падляшскім:
– У 2014 годзе 12 студэнтаў з універсітэта імя Адама Міцкевіча паехалі з намі ў навуковую экспедыцыю. І ў ваколіцах Бельска-Падляшскага і Гайнаўкі ўдалося нам знайсці 200 ручнікоў. Гэта адлюстравана ў першай частцы альбома. Другая частка альбома – гэта калекцыя з нашага музею ў Бельску-Падляшскім. Мы вельмі ганарымся ёю, бо яна паказвае, наколькі багатую калекцыю ручнікоў мы маем.
Беларускі пераклад альбома зрабіла Наталля Герасімюк. Па словах Аліны Дэмбоўскай, у альбоме паказана разнасайнасць тых рушнікаў, якія ўжо зараз не існуюць, тыя традыцыі, што існавалі на Бельшчыне ў папярэднія стагоддзі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня