У Глыбокім і Докшыцах прайшлі ператрусы і затрыманні
У Глыбокім і Докшыцах увесь дзень 8 ліпеня ішлі ператрусы і затрыманні грамадскіх актывістаў. У Докшыцах падставай для гэтага стаў быццам бы размаляваны прыпынак, а ў Глыбокім відэа пра выбухоўку, якое быццам бы было ў адным з мясцовых тэлеграм-чатаў. Затрыманыя некалькі чалавек, у тым ліку і глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач.
Як паведаміла кіраўніца глыбоцкай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Таццяна Смоткіна, Змітра забралі з санаторыя:
– Наколькі мне вядома, да Змітра Лупача прыязджалі міліцыянты зранку і пыталіся ў жонкі, дзе ён знаходзіцца. Яна сказала, што той у санаторыі. Пасля абеду я з ім стэлефаноўвалася, каб даведацца пра справы, і ён адказаў, што пакуль у яго ўсё добра, але ён сочыць за сітуацыяй. І літаральна праз пару гадзін я даведалася, што за ім прыехалі двое міліцыянтаў у санаторый “Пліса”. Як паведаміла мне жонка Змітра, увечары ў іх кватэры быў ператрус і яго затрымалі па артыкуле 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства).
Як паведамілі міліцыянты родным затрыманых, іх затрымліваюць на 72 гадзіны для высвятлення абставінаў. Але ўвечары, пасля паўдня праведзенага ў РАУСе, прынамсі адну дзяўчыну ў Глыбокім адпусцілі – Кіру Кісялёву.
Міліцыянты яшчэ ўвечары збіраліся ладзіць ператрус і ў дачкі глыбоцкай актывісткі Людмілы Барэйка, якая з’ехала ад пераследу ўладаў за мяжу. Але адклалі гэтую дзею на ранак. Таму пятніца, падобна, чакаецца такой жа “гарачай”, як і так званы “чысты чацвер”, які зладзілі сілавікі.
Беларускае Радыё Рацыя