У Наваполацку затрыманыя двое актывістаў незалежнага прафсаюза



У Наваполацку затрыманыя двое актывістаў першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў „Нафтана”.

8 ліпеня ў Наваполацку прайшла чарада ператрусаў у актывістаў першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ААТ „Нафтан” Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП).

Ператрусы прайшлі ў юрыста прафсаюза Аляксандра Капшуля, намесніка старшыні Першаснай арганізацыі Юрыя Гашава, намесніка старшыні Дзяніса Гурскага і сакратара-скарбніка Дзмітрыя Койра.

Гурскі і Койра затрыманыя на трое сутак, паведамілі ў БНП.

Як растлумачылі ў офісе першаснай арганізацыі, ператрусы і затрыманні праходзяць у рамках крымінальнай справы аб пашкоджанні лакафарбавага пакрыцця аўтамабіля Сяргея Брыкуна — намесніка дырэктара па ідэалогіі завода „Палімір”. Інцыдэнт здарыўся ў кастрычніку мінулага года.

Кіраўніцтва прафсаюзнай арганізацыі звязвае ўчорашнія ператрусы з ціскам на прафсаюз.