Чысты фальклор



Апошнім часам любы чалавек у Беларусі задумаецца, што сказаць, а пра што лепш прамаўчаць… Маўчы – будзь хітры! Дэвіз сапраўднага беларуса?

Не менш папулярны дэвіз – “А пагаварыць?” Пагаварыць і выпусціць пару – надзённая патрэба любога экстраверта. І недзе паміж – эзопава мова! Тут скажу “белае”, тут “чорнае”, а тут – шэрае… Гэтага таварыша паслухаю і прамаўчу, а таму можна  нешта трохі распавесці… Эзопава мова мае ўсе шанцы расквітнець у нашых шыротах наноў. Такі сабе зварот у 1970-я гады. Зварот у СССР, але з новымі тэхнічнымі магчымасцямі па абодва бакі барыкадаў.

І паралельным курсам з цэнзурай ідзе пандэмія ды абітурыенцкая кампанія. Нават афіцыйныя лічбы хворых на ковід-19 падраслі, а народ збольшага расслабіўся і забіў на меры бяспекі. На маскі, антысэптыкі, дастанцыю… Лета застаецца летам. Грошы трэба зарабляць. Вось і многія ўстановы культуры па разнарадцы зверху і сваёй ініцыятыве знізу праводзяць Купалле, пераносячы дату старажытнага свята на бліжэйшыя выходныя… Купалле – гэта прыгожа і весела, але цяпер звязана з пэўнай рызыкай, і даволі моцнай.

Абітурыенты. Нават тыя, хто цвёрда вырашыў з’ехаць вучыцца за мяжу, на ўсякі пажарны здалі тэсты ў Беларусі. Па-першае, бліжэй да мамы з татам вучыцца прасцей, а па-другое, да таго замежжа яшчэ даехаць трэба (выпусцяць або не?) І бедныя дзеці знаходзяцця ў трайным стрэсе і па прычыне самаго тэставання, і па прычыне пандэміі, і па палітычных матывах. А ў кагосьці разыходзяцца бацькі, а ў кагосьці хварэе хтосьці з блізкіх, а ў кагосьці – мама ў турме… І дзесьці калісьці камусьці прыдзецца за гэта ўсё адказваць, бо люстрацыя люстрацыяй, сеціва сецівам, а закон бумерангу прыляціць астэроідам. Усе супадзенні выпадковыя, аўтар ідэі невядомы… Аднясем да народнай творчасці? Чысты фальклор.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ